Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-3.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што паміж прыгоньнікам панам і запрыгоненым селянінам соцыяльнай прорвы няма. Ёсьць толькі яма, каторую магчыма запоўніць аднымі моральнымі сродкамі. Трэба толькі, каб пан шанаваў і любіў селяніна і клапаціўся аб яго дабрабыце. Селянін у вадказ на такія да яго адносіны павінен „хваліць толь­кі бога, шчыра працаваць, любіць добрых паноў, маўляў, род­ных брацьцяў". А калі пан нядобры, то трэба цярпець, бо праўда сама сябе скажа. Прыгонная залежнасьць ёсьць нормальны соцыяльны ўклад жыцьця, у рамках каторага будуецца ўся экономічная і грамадзянская структура Беларусі. Селянін ня толькі можа, але і павінен жыць у рамках гэтага ўкладу, не ламаючы іх. Аўтар пераконан у тым, што злых паноў-прыгоншчыкаў магчыма перарабіць на добрых апякуноў над сялянамі шляхам моральных сэнтэнцый. Дзеля гэтага ў сваіх творах ён прагнецца зрабіць, каб усе яны былі добрымі ідэальнымі панамі.

Ідэальны пан, на погляд Марцінкевіча, заўжды кіруе сваім маёнткам сам, седзячы ў ім, як гаспадар. Ён апякуецца над падуладнымі яму сялянамі, не абцяжае іх лішняю працаю, час-ад-часу робіць для іх пачастункі, без пагарды сам ходзіць да іх на вячоркі. Адным словам, гэта патрыархальны пан-народнік, якім быў і сам Дунін-Марцінкевіч. Такі пан ніколі не павінен прымаць у свой маёнтак арандатара ці аканома, адным словам падпанка. Найчасьцей ў творах Марцінкевіча перад намі выступаюць такія падсалоджаныя паны. Яны зьяўляюцца сапраўднымі бацькамі, ласкавымі дабрадзеямі сваіх сялян. Усё зло лічыць аўтар у падпанках. Яны, карыстаючы з таго, што пана няма ў маёнтку, ці пан занадта даверыўся ім, зьяўляюцца штодзённымі злыднямі для селяніна. Калі-б ня гэтыя злыдні-падпанкі, каторыя зьдзекуюцца і дзяруць з селяніна апошнюю шкуру, то на Беларусі быў-бы рай.

Часам Марцінкевіч набіраецца сьмеласьці і патрабуе ад паноў, каб яны ня ў імя інтарэсаў сялянства, і ў імя сваёй карысьці зьвярнулі ўвагу на цяжкую долю селяніна, бо ён ёсьць экономічная апора існуючага ладу, бо ён сваёю працаю кор­міць пана і культурныя станы гаспадарства. А ў адным з вер­шаў („Вясна, голад, перапала") аўтар дашоў нават да такой сьмеласьці, што загаварыў аб „вольнасьці" для запрыгнечана­га селяніна. Вольнасьць Марцінкевіч разумее вельмі прымітыў-