Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-3.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

глухіх куткоў Беларусі. Вершы ў абедзьвюх поэмах у некато­рых мясцох папсаваны дзякуючы доўгаму рукапіснаму існа­ваньню твораў, тым ня менш трэба прызнаць, што стыль вер­шаў вельмі лёгкі і ўва многіх мясцох вельмі вобразны. Жанаты над беларускім селянінам, якія мы бачым ў поэмах, гавораць нам аб тым, што настрой аўтараў поэм быў шляхецкі. Як ві­даць са зьместу абодвух твораў, яны напісаны людзьмі даволі адукаванымі, каторыя поруч з беларускім бытам і мовай ведалі польскую і рускую літаратуру свайго часу.

Паралельна з вышэйпаказанай літаратурай мы спатыкаемся і з творамі зусім другога роду. Гаворыць часам за сябе сам запрыгонены селянін. У масе сваёй ён няпісьменны і гаворыць моваю паўстаньняў і протэстаў, але ў выпадку пісьменнасьці ён сам апісвае сваю мужыцкую долю. Зразумела, што ён га­ворыць ня толькі мужыцкаю беларускаю моваю, але і мужыц­кім нутром. Такім песьняром-селянінам зьяўляецца Паўлюк Бахрым. На жаль, гісторыя зьберагла зусім мала матэрыялаў аб творчасьці і асобе гэтага запрыгоненага песьняра. Мы ведаем, што родам ён быў з мястэчка Крошына Наваградзкага павету. У мястэчку была парафіяльная школка пад загадам народніка ксяндза Магнушэўскага, дзе і вучыўся Паўлюк. Магнушэўскі атрымліваў з Вільні „Брукавыя Ведамасьці" і меў невялічкую бібліотэку, катораю часта карысталіся вучні школы. Хлопчык Паўлюк вельмі любіў чытаць вершы, каторыя ёй вывучваў на­ памяць і шмат з якіх перапісваў. Зразумела, што гэтыя вершы былі ў польскай мове. Ад перапіскі вершаў П. Бахрым хутка перашоў і да ўласнай творчасьці, але яна выяўлялася ўжо ў яго роднай мужыцкай беларускай мове. Пяру яго прыпісваюцца некалькі вершаў — „Размова пана з мужыком", „Гутарка Данілы са Сьцяпанам" і „Заграй, заграй, хлопча малы". Зьместам твораў зьяўляецца апісаньне цяжкай долі запрыгоненага селяніна, каторы „церпіць няволю, праклінае жыцьцё, сваю горкую долю". У зіму, лета і восень працуе селянін на пана, а яго за гэта „б‘юць“, таўкуць, гоняць, у карак папіхаюць, „завуць хамам": „няма калі зьесьці і кавалка хлеба". Апроч пана, над мужыком стаіць ураднік, „як чорт сярдзіты і злосны, пагляд быстры, строгі, і голас даносны; як стане пасвойму лаяць і крычаці, то душа і з целам мусіць раставаці; а на час як трапіш, дык пачысьціць зубы, схопіш аплявуху, аж кроў пойдзе з губы; чуп-