Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-3.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дае яскравых вычэрпваючых малюнкаў. Гэтыя малюнкі не падыходзілі да агульна-жартаўлівага духу поэмы. Відна, што поэма напісана шляхцічам, катораму малюнкі быцьця запрыгоненага селяніна ня былі ў галаве.

Аўтара поэмы „Тарас на Парнасе" мы ня ведаем. Зьяві­лася поэма ў сьвет крыху пазьней „Энэіды". Сюжэт поэмы просты. Палясоўшчык Тарас, спаткаўшы ў лесе мядзьведзя, зьлякаўся і, уцякаючы ад яго, праваліўся ў яму. Ляцеў ён доўга і апынуўся ў вельмі пекным месцы. Ён устаў і пашоў далей. Бачыць гару, на якую лезе шмат народу: адны шпарка (напр., Міцкевіч, Пушкін і г. д.), другія паціху (напр., Булгарын і Грэч). Тарас папёрся разам з імі і ўлез на гару Парнас. Тут ён па­паў на абед. Багіня Гэба пачаставала Тараса гарэлкай, хлебам і крупнікам. Зэфіры потым аднясьлі Тараса да хаты.

У гэты просты сюжэт аўтар улажыў шмат малюнкаў бе­ларускага быту. Багі па Парнасе жывуць у панскім дварэ. Па падворку ходзяць сьвіньні, быдла, козы, бараны, бо і багі займаюцца гаспадаркай. Багі шыюць хадакі, плятуць лапці. Багіні ў карытах мыюць для багоў кашулі і порты. Адны па­ляць пілкі, другія сьмяюцца. Зэвэс ляжыць на печцы, падклаў­ шы пад галаву і шукае нешта ў барадзе. Каля палудня селі есьці абед. Гэба падала на стол тры булкі хлеба, капусту, кулеш са скваркамі, крупеню на малацэ, кашу з маслам, каў­басу і аўсяныя бліны. За абедам багі пілі шмат гарэлкі і, падпіўшы, пачалі сьпяваць песьні і танцаваць. Найлепш ска­кала Вэнэра. „Узяўшы хустачку, Вэнэра пашла мяцеліцу ска­каць; прыгожа, стройна цераз меру, што аж няможна і ска­ заць. Чырвона-тоўста, круглаліца, а вочы як па калясе, як жар, гарыць яе спадніца, і йстужка ўплецена ў касе". Пашоў у прысадку і Нэптун у пары з прыгожанькай наядай; Юпітэр скакаў у пары з Вэстай. Заткнуўшы рукі за паяс, у новых ботах скакаў Марс. Тых багоў, каторыя дужа насьцябаліся гарэлкі, багіні клалі пад лаўкамі спаць. Пусьціўся ў скок і Та­рас: „Як стаў прыстукваць атопкам, аж рот разявілі багі".

Поэма „Тарас на Парнасе" па свайму характару вельмі падобна да „Энэіды". Бязумоўна, яна была ўтворана пад „Энэіду". Яна яшчэ больш была пашырана сярод беларускай дробнай шляхты і вучнёўскай моладзі, чым „Энэіда“, яна да­шла да нашага часу ў тысячах рукапісаў і дабіралася да самых