Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-2.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

графіі і географа Беларусі. Інструкцыя была вельмі дэтальна апрацована і вызначала цэлы шэраг пытаньняў, на каторыя зьбірацель павінен даць адказы. Матэрыялы звычайна зьбіра­ліся тады, калі студэнты, карыстаючыся зімовымі і летнімі ва­кацыямі, разьяжджаліся па самых глухіх куткох Беларусі.

Поруч з студэнцкімі гурткамі цікавасьць да Беларусі зьявілася ў навуковых профэсарскіх колах. Унівэрсытэцкія профэсары ня толькі навукова дасьледуюць, але і знаёмяць грама­дзянства ў польскай мове з археолёгіяй, гісторыяй, памяткамі старога пісьменства, народнай творчасьцю, звычаямі і наогул бытам Беларусі. З Віленскім унівэрсытэтам зьвязаны працы аб Беларусі такіх выдатных дасьледчыкаў, як Лукашэвіч, Шыдлоўскі, Голэмбеўскі, Ярашэвіч, Нарбут, Даніловіч і г. д. Для нас асабліва цікавы гістарычныя працы Нарбута, у якіх ён выявіў жыцьцё Літоўска-Беларускага гаспадарства. Працы яго прасякнуты вялікім замілаваньнем да Літвы і Беларусі, якія ён тым ня менш лічыць провінцыямі Польшчы. Цікавы і юры­дычныя працы Даніловіча. Нааснове вывучэньня нормаў Літоўска-Беларускага права ён прыгатаваў для друку „Западный Свод Законов“. У свае часы, калі Сьпяранскі рабіў сваю працу па кодыфікацыі законаў Расійскай імпэрыі, урад Мікалая І-га забракаваў працу Данілевіча, як працу „польскага" напрамку. Беларусь ніколі так і не пабачыла „Западного Свода Законов", ня гледзячы на тое, што ён быў лепш апрацованы, чым „Свод Законов" Сьпяранскага, і больш адпавядаў умовам беларускага жыцьця. Калі мы ўглядаемся ў дзейнасьць Віленскага унівэрсытэту, то бачым, што ён у першую галаву быў цэнтрам полёнізаванай беларускай інтэлігенцыі. Ён рабіў іх польскімі патры­ётамі і канчаткова полёнізаваў дробную і сярэднюю беларускую шляхту. Але разам з тым унівэрсытэт абуджаў сярод гэтай самай спольшчанай інтэлігенцыі вялікую цікавасьць да Беларусі і беларускай культуры. Ён выпускаў у сьвет польскіх патры­ётаў, якія разам з тым былі і піонэрамі беларускага руху і культурна-нацыянальнага адраджэньня. Беларускі рух стаў ў сьціслую і неабходную сувязь з польскім адраджэнцкім рухам, бо Беларусь, на думку польскіх патрыётаў, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай ці проста, як звычайная провінцыя, ці як ў тэй ні іншай меры аўтономная краіна.