Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-2.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У першыя дзесяцілецьці ХІХ-га сталецьця падгатаўляецца паўстаньне 1831 году. Уся дзейнасьць Віленскага унівэрсытэту і яго гурткоў ці проста, ці сукосна была зьвязана з падгатоўкай паўстаньня. Студэнцкія гурткі стыкаліся з агульна-грамадзкімі гурткамі, каторыя ў сваю чаргу прынцыпова былі зьвязаны з заходня-эўропэйскімі корбонарамі і організацыйна з дзекабрыстамі. З такіх гурткоў на Беларусі нам вядомы— "Патрыотычны саюз", „Чорныя браты", „Вайсковыя пры­яцелі" і г. д.

У час паўстаньня прадстаўнікі гэтых гурткоў склалі чыр­воную частку паўстанцаў. Белыя і чырвоныя мелі свае програмы і рэзка падзяляліся на дзьве партыі.

Партыя белых складалася з арыстакратаў, буйных зямель­ных уласьнікаў. На чале партыі стаяў добра вядомы польскі патрыот, быўшы прыяцель Аляксандра І і быўшы куратар Віленскае учэбнае акругі, Адам Чартарыйскі. Магнацкая партыя лічыла, што паўстаньне ня трэба даводзіць да крайняга пункту, што ня трэба канчаткова парываць сувязь з Расійскай імпэ­рыяй і весьці з ёю перагаворы, націскаючы адначасова на расійскі ўрад праз дыплёматыю чужаземных двароў. Польшча, на іх погляд, павінна застацца, як і дагэтуль, абмяжованай монархіяй. Ніякіх соцыяльных рэформаў ні ў якім разе рабіць ня трэба. Сяляне, як і раней, павінны застацца ў прыгонным стане.

Другою групоўкаю паўстанцаў была партыя чырвоных, партыя дэмократаў. На чале яе стаяў вядомы дэмократ свайго часу профэсар Віленскага Унівэрсытэту Лелевэль, староньніх політычнага фэдэралізму. Ён лічыў, што ўваскросшая Польшча павінна будавацца на братэрстве вольных народаў — палякаў, літвінаў і беларусаў і быць фэдэрацыяй Польшчы, Літвы і Беларусі. Складалася партыя з дробнай шляхты і інтэлігенцыі лібэральнага напрамку. Партыя лічыла, што трэба канчаткова парваць сувязь з фэўдальнай расійскай уладай і ня весьці ніякіх перагавораў з Мікалаем І, бо яны не дадуць ніякіх вынікаў для ходу паўстаньня. Ні перагаворы з Мікалаем, ні дып­ляматычныя інтрыгі пры чужаземных дварох, а толькі рашучая збройная барацьба можа і павінна вырашыць долю Рэчы Паспалітай. На думку чырвоных, Польшча ў будучыне павінна быць дэмократычнай рэспублікай. Прыгон павінен быць ска-