Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-1.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэтая вялікая, шматмільённая беларуская грамада зьяўлялася соцыяльна і політычна прыгнечанаю масаю, тым рабочым хлопскім „быдлам", каторае сваім мазалём і крывавым потам кар­міла і багаціла польскага ці полёнізаванага беларускага пана. У кампанію да каторага паступова пачаў уступаць пан рускага пахаджэньня, пасаджаны сюды царызмам. За цяжкаю пры­гоннаю працаю ня было „хлопу"-беларусу ні часу, ні магчы­масьці думаць думку аб тым, хто ён такі па свайму роду і пле­мені. Яму было не да культурна-нацыянальнага пытаньня, калі над ім штодзень вісеў панскі бізун. Беларускія прыгнеча­ныя масы ведалі толькі, што яны „тутэйшыя", што скла­даюцца яны з мужыкоў і чорнарабочых, што іх быт, іх звычаі і мова не такія, як у іхняга пана, паляка ці вялікаруса,—быт, звычаі і мова ня панскія, а мужыцкія. Толькі сярод некаторай часткі дробнай беларускай шляхты, каторая яшчэ не пасьпела полёнізавацца, дзе-ні дзе яшчэ засталося пачуцьцё сваёй нацыянальнасьці.

Ня гледзячы на тое, што Беларусь увашла ў склад Расіі, у пачатку XIX стагодзьдзя тут праводзіцца полёнізацыя. Русіфікацыя пачынаецца толькі з 30-х гадоў. Але трэба вызначыць, што і полёнізацыя і русіфікацыя датычаць толькі да со­цыяльна вышэйшых груп беларускага жыхарства. Беларус-селянін, дзякуючы сваёй няпісьменнасьці, ня можа карыстацца пладамі ні польскай, ні рускай культуры. Ён застаецца тым, кім быў і раней—несьвядомым беларусам.

Ня чуючы сваёй мовы сярод паноў, чыноўнікаў і інтэлі­гентаў, цёмны беларускі селянін пачаў думаць, а потым стаў пераконаны ў тым, што мова яго ёсьць толькі мужыцкая мова, мова някультурнага і запрыгоненага, бяспраўнага люду. Ён быў доўга, аж да нашага часу, запэўнены ў тым, што на гэтай яго мове зусім немагчыма ані гаварыць нешта разумнае і вучо­нае, ані пісаць, ані чытаць, ані друкаваць кніжак. У гэтай думцы падтрымлівалі яго і кіруючыя станы, выстаўляючы на зьдзек яго беларускую мову, як мову мужыцкую, хамскую, мову някультурных працоўных мас. І беларус-селянін, заха­ваўшы па вясковых куткох у курнай хаце беларускую мову, меў пакуль што пачуцьцё сваёй асобнасьці соцыяльна-экономічнай, а з нацыянальнага боку ён ня быў сьвядомы. Ён добра ведаў, што ён мужык, што яго інтарэсы варожыя да інтарэсаў