Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-1.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

яны зараз-жа вярнуліся на месца сваёй ранейшай аселасьці і прыступілі да выкананьня сваёй звычайнай земляробскай працы і паншчынных абавязкаў і павіннасьцяй. Далей у вадозве прапануецца сялянам слухацца паноў, уласьнікаў, арандатараў ма­ёнткаў ці асоб, што іх заступаюць; нічым не парушаць права ўласнасьці, каторае, відаць, у гэтыя часы сялянамі парушалася, бо іначай аб гэтым ня трэба было-б і пісаць у вадозьве. Панства запэўнена, што яно зноў возьме сялян у свае рукі, ня робячы ім ніякай палёгкі, бо разьмеры павіннасьцяй на паноў вызначаюцца „па ранейшых загадах і прадпісаньнях". У канцы адозвы пералічаны тыя „меры воздействия", каторыя ўрадам будуць накіраваны супроць непаслухмянства. „Тыя, што не выпаўняюць ці дрэнна выпаўняюць свае абавязкі, па дакладзе вясковых улад, павінны ўгаворвацца, карацца і прымушацца да выкананьня сваіх абавязкаў пры дапамозе павятовай адміністрацыі і нават вайсковай сілы, калі гэтага будуць вымагаць абставіны".

Тым ня менш сяляне не супакойваліся. Ішлі адно за дру­гім забойствы паноў, падпалы і рабункі маёнткаў. Асабліва пашырыўся сялянскі рух у Віцебшчыне. Польскія паны, зьлякаўшыся руху, зьвярнуліся да Наполеона з просьбаю аб абароне. Наполеону ўнушалі думку, што мужыкоў падбухторвае супроць паноў руская адміністрацыя. Былі організаваны ляту­чыя атрады, каб зьліквідаваць сялянскія беспарадкі. Рух прыпыніўся толькі пасьля таго, як французы пакінулі Беларусь, і царскі ўрад зноў абсеўся ў краі.

Пачынаючы з гэтых часоў, сялянскі рух ня спыняўся на працягу ўсяго стагодзьдзя. Акты гавораць нам аб забойстве сялянамі паноў, аб асобных паўстаньнях, падпалах маёнткаў і г. д. Найбольш організаваным было паўстаньне сялян у Міхайлаў­скай, Янавольскай і Нерзінскай валасьцёх Акрынскага ста­роства, якое з перарывамі цягнулася ў 1836, у 1840 і 1841 гадох. Паўстаньні ліквідуюцца вайсковаю сілаю. Расстрэламі, лозамі, шпіцрутэнамі, турмою і ланцугамі сяляне за­ганяюцца ў паншчыну, каб быць рабочым быдлам фэўдала-пана і царска-фэўдальнай дзяржавы.

Такім спосабам, беларусы з канца XVIII стагодзьдзя былі адным з народаў Расійскай імпэрыі, яны ўвашлі ў лік яе народаў, як запрыгоненая, цёмная маса сялян і чорнарабочых.