Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-1.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рускіх, так і польскіх паноў, бяз розьніцы нацыянальнасьці. Большасьць паўстаньняў адбываюцца ў польскіх маёнтках толькі таму, што паноў-палякаў на Беларусі было куды болей, чым паноў-рускіх. Ня гледзячы на раздачу ўрадам зямель рус­кім вяльможам і дваранам, рускае зямляўласьніцтва яшчэ ня­значна пашырылася на Беларусі. Вельмі часта ўрад ня мог уцішыць паўстаўшых аднэй поліцэйскай сілай, прыходзілася вынікаць вайсковыя часткі. Толькі к сярэдзіне 1797 году ўраду ўдалося з вялікаю жорсткасьцю зьліквідаваць сялянскі рух.

Яшчэ больш сялянскае пытаньне завастрылася на Бела­русі ў часы кампаніі 1812 году. Думкі аб вызваленьні ад пан­скага прыгону пачынаюць яшчэ глыбей прасякаць у сялянскія гушчы. Вайна разбурыла і зруйнавала край, а разам з тым раз­бурыла звычайныя штодзённыя экономічныя і політычныя адносіны паміж панамі і прыгонным селянінам. На Беларусі ад­бівалася частая зьмена ўлад, каторая ўтварыла для селяніна магчымасьць застацца вока-на-вока з тым панам, каторы ў звы­чайныя часы ўкрываўся за моцным каркам сваёй панскай дзяр­жаўнай улады. Гэты факт даваў магчымасьць рабіць тое, што ён сам хацеў.

Найперш ад усяго беларускі селянін выяўляў сваю волю тым, што ён проста-на-проста пакідаў пана і ўцякаў ад яго апекі ў лясы і балоты. Там ён рабіўся вольным чалавекам, асабліва, калі ў яго рукі пападала зброя. Весткі таго часу гавораць нам, што па лясох і балотах Беларусі ўтварыліся даволі значныя ўзброеныя сялянскія атрады, якія не давалі паном спакойна жыць, нападаючы на маёнткі. Калі жыцьцё на нейкі час уцішылася і на чале Літвы і Беларусі стаў так званы Часовы Ўрад, то беглыя сяляне і тады ня думалі вяр­тацца з атрадаў дамоў для выкананьня сваіх „хлопскіх" аба­вязкаў. Гэтыя атрады рабілі шмат клопату Часоваму Літоўска-Беларускаму Ўраду, учыняючы непарадкі і наводзячы страх на паноў. Проці сялянскіх атрадаў, для падтрыманьня старога соцыяльнага парадку, урад павінен быў організаваць 6 батальёнаў егераў з лясных камандаў.

Адначасна з організацыяй лясных егераў, у ліпні 1812 г. Часовы Ўрад выдае адозву да ўсіх жыхароў Беларусі, якая ў сутнасьці сваёй мае адносіны выключна да зьбеглага сялянства. Адозва прапануе сялянам, каторыя пакінулі двары і паноў, каб