Старонка:Увагі аб вынікнавеньні беларускага руху-1.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сялянства старажытных часоў XV і XVI стагодзьдзя зьнікла к канцу XVIII сталецьця. Сяляне на Беларусі цяпер дзяліліся на дзьве няроўныя групы: падаўляючую большасьць складалі прыватнаўласьніцкія сяляне, нязначную меншасьць скарбовыя (казённыя) сяляне. Палажэньне другой групы было крыху леп­шае, чым палажэньне групы прыватнаўласьніцкіх сялян. У скар­бовых сялян надзелы зямлі былі большыя, а павіннасьці і аба­вязкі - меншыя. Апрача таго, над іх асобаю ня было таго бязупыннага польскага зьдзеку і гвалту, каторы з дня ў дзень цярпелі сяляне прыватнаўласьніцкія. Што датычыць да паншчыны, то яна адбывалася абедзьвюма групамі, але яна была не аднолькавая. У скарбовых дварох паншчына займала 3-4 дні на тыдзень, у панскіх маёнтках яна з 3-4 дзён даходзіла да поўных 7 дзён у тыдзень. У некаторых панскіх дварох, такім чынам, сяляне ўлетку зусім ня мелі сьвяточнага адпачынку. Ня мелі яны адпачынку і ў начы, бо ноччу працавалі на сваёй гаспадарцы. Бізуны даглядчыкаў на полі, лозы на стайні, цэлы шэраг другіх панскіх караў так і сыпаліся на запрыгоне­нага беларуса-селяніна. Павіннасьці прыватнаўласьніцкіх сялян былі шматлікія і распадаліся на дзьве часьці: павіннасьці пра­цаю і павіннасьці натураю. Да павіннасьцяй працаю належалі: фурманачная, вартаўнічая, маставая, падарожная, аблаўная, невадная, вымалотная і г. д. Павіннасьці натураю складаліся з падаткаў пану хлебам, дамоваю жывёлаю, птаствам, маслам, салам, яйкамі, грыбамі і г. д. Кожны крок селяніна, кожная самая нязначная падзея з яго гаротнага жыцьця злучаліся з якім-небудзь абавязкам на пана.

Юрыдычна беларускі селянін таксама зусім залежаў ад пана, кім-бы апошні ні быў—ці польскім шляхцічам, ці рускім вяльможам. А рускія вяльможы ўсё больш і больш абсаджваліся на Беларусі, дзякуючы шчодрым раздачам маёнткаў ра­сійскімі царамі — Катарынаю ІІ і Паўлам І.

Пан быў для свайго селяніна ўсім—і судзьдзёю, і адміністратарам. Пан меў права караць селяніна ўва ўсіх здарэньнях паводле свайго погляду. На гэтай глебе вырасталі такія пыш­ныя кветкі панскага ўціску і самадурства, як добра ўсім вядомая Салтычыха ў Расіі і мала пакуль што вядомая Стоцкая Беларусі. Апошняя ў пакоі мела два жалезных прабоі ўгары і ўнізе для прывязваньня сваіх ахвяр. Сваіх сялян яна кусала,