Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/77

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мае. Я падумала і сказала, што Скуратовіч. Я нагаварыла на Скуратовіча, хто ён такі… ну сам ведаеш, які ён з намі быў… Дык я і сама не ведаю, можа гэта Толік майго бацьку забіў! Хто-ж на мяне і майго бацьку злосць большую меў, як не ён! А тымчасам, ты-ж сам гаворыш, што ён у лесе хаваецца! Я хацела запытацца ў цябе, ці праўда, што ён у лесе. („Я шукаю, каб даведацца, хто забіў майго бацьку і брата“ — такая фраза магла быць сказана ёю.) А калі ты гаворыш, што сам бачыў Толіка, што ён не ў арміі, а ў лесе, то гэта, напэўна, ён! А ты яму памагаеш, ты не гаворыш нікому, ты маўчыш! Яны людзей рэжуць і майго тату і… (твар яе рвануўся ўсімі сваімі рысамі, яна аж заенчыла з плачу).

Ён стаў у позу. Гэта была смешная поза. Нейк адным плячом вышэй, няроўна, няспрытна, як птушанё. Напэўна ён не ўсё слухаў, што нядаўна гаварыла Зося. Самага важнага ён, здаецца, не выслухаў.

— Як гэта памагаю ім? — запытаў ён.

— Яму трэба, каб ніхто пра гэта не ведаў, то ты і стараешся, каб ніхто не ведаў.

Цяпер яму шмат што пачало рабіцца ясным. Ён абмяк.

— Ідзі, куды трэба, і раскажы ўсё, што ведаеш пра Скуратовічаў.

Ён як-бы не слухаў. Сапраўды, ён не чуў гэтага. Ён маўчаў з поўхвіліны, аддаючыся вострай рабоце думкі. Пасля ён запытаў, бездапаможна, зусім па-дзіцячаму:

— То што-ж мне рабіць цяпер?

— Я-ж табе кажу, пайдзі, раскажы, што ведаеш.

— А куды гэта ісці? Хіба ты са мной пойдзеш.

Ёй стала шкода яго. У гэтыя хвіліны яна была