— А што ты яшчэ ведаеш?
— Больш нічога.
— Хлусіш!
— Чаму гэта я табе буду хлусіць?
— Бо хлусіш! Ты хітруеш перада мной! Можа ты сам нават бачыў, як Скуратовіч сваё гумно падпальваў!
— Нашто яму свае гумно падпальваць? Гэта, мусіць, бандыты нейкія.
— А можа гэта ён сам гэты бандыт з сваім Толікам разам. Можа гэта яны па вёсках робяць пажары, і нават нашу хату спалілі, і каб на іх ніхто не падумаў, то яны і свае спалілі, а снапы-ж іх у Сцепуржынскага!
Грымаса хітрай радасці прайшла па Міхалкавым твары. Зося заўважыла гэта і штосьці хацела сказаць, але ён сам загаварыў:
— Ну, калі гэта так, то я-ж яго, гада, папатрымаю ў сваіх руках. Заўсёды мы з табой яго баяліся, а гэта няхай ён нас баіцца. Захачу — дык скажу і пра гэта. Тады ён мяне пазнае. Бач, які далікатны са мной зрабіўся! Дагаджае мне. Я з яго яшчэ папалуплю скуры! Ён яшчэ больш будзе даваць мне ўсяго.
І ў гэтых Міхалкавых словах, і ў хітрай грымасе на яго твары была першая ўжо адзнака пачатку фармавання натуры. І грымасай, і словамі ён як-бы зняважыў Зосю, як абліў яе холадам. З злосцю і варожасцю яна глянула на яго:
— Нашто ты яму памагаеш, гэтаму бандыту! Гэта, напэўна, ён майго бацьку і брата забіў?
— Хіба я яму памагаю?
— Мяне ўчора следчы дапытваў — шукаюць тых бандытаў, што вёскі паляць, і што камісара і майго брата з бацькам забілі. Следчы ў мяне пытаў, ці не ведаю я, хто на мяне вялікую злосць