ратовічам. Ён яшчэ гэтага не мог ацаніць. Ён проста ў гэты момант быў падлоўлен Зосяй у хлусні, у патаемнай змове са Скуратовічам. Памаўчаўшы, ён пачаў гаварыць:
— Я ведаю пра Скуратовіча. Ты думаеш, што быў пажар, то гэта ўжо і ўсё ў яго згарэла! Ён можа больш, як палавіну ўсяго з поля, склаў у лясніка Сцепуржынскага.
Зося раптам змоўкла і пачала думаць. Міхалка нават заўважыў, што яна як-бы нечага ўзрадвалася. От яна кінулася да яго і пачала трасці яго за плечы:
— То, значыцца, ты падумай добра, Міхалка, Скуратовічу пажар гэты не страшны?
— Ну, ён багаты, ён можа нават забудавацца, і палавіна ўраджаю ў Сцепуржынскага зложана.
— То можа гэта ён сам спаліў?
— Сам? Сваё? Хто гэтак робіць?
— А каб развёрсткі не даваць.
— Дык хіба не ўсё адно яму, — ці аддаць на развёрстку, ці ў агні згарыць? Калі згарыць, то нават горш, бо і гумна-ж і хлявоў няма. А развёрстку аддаў — і ўсё яму астанецца. — Міхалка разважаў з выглядам сталага чалавека, але праз гэтую сталасць так і свяцілася дзіцячае наіўнае здзіўленне. Зося стаяла перад ім уся ўсхвалёваная; гаворачы, яна нават пачала заікацца. Міхалка пасмялеў сам у сабе, але не перад Зосяй: ён адчуў, што яна перад ім ужо сталы чалавек.
— А дзе Толік?
— Ты адно маўчы. Усе думаюць, што ён у арміі.
— А некаторыя і не думаюць.
— А Скуратовіч-жа людзям ад яго лісты чытае.
— Мала, што ён чытае!
— То і ты ведаеш? Толік гэтыя лісты сам яму прыносіць і ў лесе хаваецца.