Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Надвечар ён паклаў у мяшок тры кавалкі сала і даў Міхалку:

— На, сынку, занясі бацьку, няхай ён з голаду не ўмірае. Можа ты таго не ведаеш пра свайго бацьку, што я ведаю. Ён хворы, яму дыхаць цяжка, ён нішчымніцаю душыцца, ён пра малых думае, а вы пра яго і дбаць не дбаеце. Дбайце пра хворага бацьку. Хто-ж паможа яму як не дзеці!

Міхалка вышаў на ганак і глянуў у мяшок. Ён аж закалаціўся, убачыўшы ў мяшку гэтулькі сала. Ён ужо адчуваў радасную хвіліну ў змучанай голадам сям‘і, калі там ён раскрые перад усімі мяшок! І от Міхалка ўскочыў назад к гаспадару. Ён ад хвалявання ледзьве выгаварваў словы:

— Я нічога нікому не раскажу. Я не буду гаварыць ні пра вас, ні пра Толіка, ні пра жыта, ні пра… Ну ні пра што. Маўчаць буду і нават памагаць вам буду.

— Мне твае помачы, сынку, не трэба. Пасі сабе каровы.

— Добра.

Міхалка пабег дадому. Сапраўды пабег: ісці спакойна ён не мог. Вельмі шпарка праскочыў ён праз лес. Яму здавалася, што ўсё-ж ён занадта марудзіць, што цёмныя яліны тыя ўсё самыя стаяць паабапал яго і не знікаюць за ім.

Ён паддаваў ходу і неўзабаве, засопшыся, выскачыў з лесу.

— Відно яшчэ як, а ў лесе ўжо зусім цёмна, — гаварыў ён сам з сабою, спыняючыся, каб перадыхнуць.

Дома ён сапраўды ўзрадваў і здзівіў усіх. Малыя накінуліся на сала. Маці нарабіла крыку:

— Не бярыце памногу, чакайце, я вам сама дам.