Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

піць у мяне тут жывучы. Я скупы ніколі не быў. На вецер не кіну, а чалавеку не пашкадую, калі таго бяда агорне. І ў вас бяда, і ў мяне гора. Цётка не вытрымала гэтай трасяніны. Яна і так была нездараўчаная, а такое няшчасце хоць каго ў магілу ўгоніць. Божа мой, божа! Гэтак сама і твой тата.

Ён так расчуліў Міхалку, што той ужо не саромеўся і не баяўся больш. Ён плакаў і нават нейкім слёзным енкам закрычаў на карову, бягучы да яе, каб выгнаць з грэчкі.

— Куды-ы-ы, шэра-а-а-я-я.

Чорныя ад гразі і струпоў схуднелыя ногі яго мітусіліся з-пад шырокіх, падкасаных, парваных Скуратовічавых нагавіц, калі бег ён пад грэчку і назад. Як дробная падстрэленая птушка, падскочыў ён пад мяжу, дзе сядзеў Скуратовіч.

— Каб я так жыў, што я нічога нікому не толькі гаварыць не буду, але і слухаць нікога, апроч вас, не буду, — застукаў ён кулачкамі па залатанай ім самім на грудзях і жываце рубашцы (усе Скуратовічавы неданоскі). — Бо я нічога і неведаю, я нічога і не чуў. Што-ж я скажу, калі я не ведаю, пра што вы мне нават гаварылі і завошта на мяне крычалі. Мала што я пастаяў крыху пад дзвярыма…

Скуратовіч сядзеў у глыбокім задуменні. Вельмі можа быць, што ў гэтыя хвіліны ён меркаваў: ці не зрабіў тут сам якое-небудзь памылкі. Прынамсі, калі праз хвілін пяць ён падняўся з мяжы і пайшоў, ён мармытаў сам сабе:

— Чэрці яго ведаюць, гэтага малога. Ці ён вельмі хітры, ці я здурнеў перад гэтым дзіцём, старым будучы. Павяла мяне нячыстая сіла адразу-бо! Трэба можа было як-небудзь інакш. Ах, ах!