Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Міхалка пачаў расказваць:

— Мусіць Скуратовіч зноў недзе жыта схаваў і думае, што я ведаю, дзе.

І ён расказаў усё, як было і з чаго пачалося.

— Сцепуржынскі? — сказаў бацька. — То можа гэта ён у Сцепуржынскага сховань на жыта, ці што там, знайшоў? І праўда, там яму зручна, лес. Ах, пачакай, — хапіўся бацька за галаву, — калі ён там злажыў з палавіну ўраджаю, то хто там яго знойдзе.

Міхалка пабег назад.

— Пераначуй, заўтра нацямочку зойдзеш, — гукнуў яму наўздагон бацька. — Цёмна-ж ужо зусім.

Але дзе там мог Міхалка ўседзець на адным месцы! Ён бег назад, трымаючы прытулены да жывата пусты мяшок. Назаўтра сам Скуратовіч быў у Міхалкавага бацькі. Седзячы ў сенцах, ён гаварыў:

— Міхалка ведае, і я вельмі баюся, каб ён не расказаў. Напэўна-ж і вы праз Міхалку ведаеце. Ну, злажыў я з поля крыху жыта і ярыны ў Сцепуржынскага: прыхаваць хацеў, а то гэтая развёрстка. Я туды з поля і вазіў адразу. То вы маўчыце, калі ласка! Ваш хлопец у мяне, то я яго не пакрыўджу. Няхай і да работы наложваецца, ён у мяне як за сына будзе. Гэтулькі няшчасця на мяне навалілася раптам! Вас я адазякую.

І ён унёс у сенцы мяшок з жытам.

— Ды ўжо нейк-жа будзе, — уздыхнуў Міхалкаў бацька на ўсе свае хворыя грудзі і закашляўся. Душыўся ён кашлем доўга, аж заходзіўся.

— От гэтае няшчасце ў вас, — паспачуваў Скуратовіч.

— Не дай божа нікому добраму так пакутваць, — з вялікаю шчырасцю выгаварыў Міхалкаў бацька. — Як падумаю пра дзяцей, то сэрца крывёю ацякае.