меркаваць — ці не адступаюць ужо ад Варшавы і на калі можна чакаць гэтага адступлення. Ён чакаў і спадзяваўся.
3
Надвечар усхадзіўся вецер і пад поўнач захаладала. Малы Зосін брат змёрз, сплючы з бацькам у сенцах пад дзяругай.
— Мне холадна, — сказаў ён, прыціскаючыся да бацькі.
— Пачакай, — адказаў бацька. — Зараз акрыемся чым-небудзь цяплейшым.
Ён хацеў ужо ўставаць, каб пашукаць чаго акрыць сына, але пачуў, што хтосьці ходзіць па хаце. Хатнія дзверы былі адчынены.
— Зося, ты? Чаму ты не спіш?
— Я з вечара хлеб рашчыняла… Я вам рубашку зашывала.
— Вазьмі што-небудзь акрыць малога.
— Мукі не хопіць заўтра хлеб замясіць.
— Я дастану дзе-небудзь, на адработак дастану.
— Толькі каб рана, а то я заўтра пасля хлеба пайду к Івановым да малатарні.
— То можа яны і мукі дадуць?
— На дварэ халат сохне на дрывах. Ён ужо сухі мусіць. Я ім акрыю вас.
Праз момант яна прышла з халатам і сказала:
— У нас нехта стаіць за дрывамі.
— Табе здалося. Хто там можа стаяць.
— Гляну з хатняга акна… Стаіць, унь пры сцяне. Ой, а другі стаіць у Іванавых дварэ пры шуле.
— Ну, няхай стаіць, мала хто дзе стаіць.
— А чаго ў нас за дрывамі?
— Позна ўжо?
— Праз гадзіну можа світаць пачне.