Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Кладзіся спаць хутчэй.

— З Іванавых двара ідзе пад нашу хату.

— Не пазнаць хто?

— На дварэ цёмна… Яшчэ два падышлі… У наш двор ідуць.

У гэты час ціха пастукалі ў дзверы.

— Адкрой, хазяін, — было сказана рускай мовай, але нават і дрэнны знаўца беларускай і рускай мовы заўважыў-бы, што не прывык той чалавек гаварыць па-руску.

— Хто там?

— Краснаармейцы. Паспаць дзе-небудзь да сонца, можа салома дзе ў вас ёсць.

— Саломы крыха ёсць. От я зараз адчыню, агонь толькі запалю.

— Ды, ладна, там агонь! Нашто той агонь. Мы і заходзіць у хату не будзем. Вядзі адразу ў салому, хазяін.

Чалавек вышаў на ганак і ўбачыў трох. Яму здалося падазроным, што яны не зусім у вайсковым адзенні. Толькі адзін быў у шынялі.

— Я вас завяду ў гумно.

І ён пайшоў паперадзе. Скрыпнулі дзверы, ён пераступіў падваротню і адразу-ж з глухім стогнам асеў каленьмі на зямлю.

— От табе і развёрсткі і дзезярціры. Ідзі цяпер, навядзі, хто развёрсткі даваць не хоча.

Свядомасць ужо канчалася і ён не мог выразна чуць гэтае фразы. Не для яго ўжо яна прагучэла. Яму здалося, што глотка пачала цягнуцца ў рот. Ён душыўся. У вачах пайшлі чырвоныя кругі, пасля яснасць стала ні то сіняй, ні то зусім белай. Але гэта ўжо ўсё было па той бок свядомасці. Так усё і скончылася.

Зося пачула з хаты, што вярнуўся ў сенцы бацька.