Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Было вельмі цёмна і ціха. Яшчэ было не позна. Цёплыя хмары закрывалі неба, навісала чарната. Чалавечая постаць ішла паволі. Толькі дайшоўшы крокаў за дзесяць да дрэва, чалавек убачыў яго чорны сілуэт. Гэта была старая разгатая дзічка на Скуратовічавым полі. Чалавек прыткнуўся да дрэва плячыма і астаўся так паслухаць і паглядзець. З таго боку, дзе быў Скуратовічаў хутар, так як і адсюль, ішла цішыня. Агонь там нідзе не свяціўся. Паслухаўшы цішыню, чалавек пайшоў проста на хутар.

Усё было так, як і трэба, як і заўсёды рабілася: як толькі зачарнеўся паперадзе хутарскі плот, каля яго паднялася з зямлі другая чалавечая постаць.

— Толек, — сказаў гэты другі чалавек.

— Бацька? Усё добра?

— Можаш зайсці ў хату.

Два сабакі, тыя, што кідаліся тады на Кандрата Назарэўскага, павільвалі хвастамі, тручыся аб халявы сваіх двух гаспадароў. Бацька і сын увайшлі ў кухню, праз чорныя сенцы. У сенцах абазвалася сонная гусь, сабакі асталіся на дварэ. Скуратовіч запаліў лямпу; акно, як і заўсёды ў гэтых выпадках, завешана было ватовай коўдрай. Толік закурыў.

Гэта быў зусім малады хлапец, рослы, здаровы. Можа ён проста здаваўся маладзейшым, чым сапраўды быў. Ён быў у ботах. І галіфе, і рубашка яго пад шырокім раменным поясам вельмі падобны былі да чырвонаармейскіх.

— Тут так, — сказаў бацька сыну, — зноў выклеілі ў мястэчку паперу і кажуць, што гэта ўжо апошняя. Хто з дэзертыраў пасля ўжо і гэтае паперы не з‘явіцца, таго аддадуць пад суд. А хто ў тры дні з‘явіцца, таму нічога не будзе.