Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/35

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

надзею, што скора будзе ў гарадку дзіцячы прытулак.

— Ты-ж пішы мне, — сказала Ірынка вельмі стала, не зводзячы вачэй з брата, які ўсё стаяў у цеснаце адчыненага вагона. Гэтак яму трэба будзе мусіць праехаць шмат дарогі. Ён не заўважаў гэтага. Ён глядзеў на Ірынку, і сэрца яго пачынала сціскацца. Яму стала яшчэ горш, калі ён убачыў, што Ірынка выцірае слёзы. Поезд крануўся, і Ірынка пабегла побач вагона і ўсё махала рукой. У гэтую хвіліну яна зусім не падобна была да дзіцяці. Гэта быў дарослы чалавек. Брат не мог махнуць у адказ ёй рукой: рукі яго былі моцна прыціснуты натоўпам. Выган з Ірынкай застаўся далёка, ужо нават не відаць было разбураных гарадскіх муроў. У вагоне, мусіць, чырвонаармейцы, заспявалі песню. Кандрату Назарэўскаму хацелася прабіцца туды, але гэтага нельга было зрабіць. І ён астаўся на шмат станцый стаяць так. У думках яго пачало праяснівацца. Перад поездам шырока разыходзіліся чыстыя далягляды. Так Кандрат Назарэўскі зноў ехаў у першую ў свеце вялікую армію.

2

У той час, калі Кандрат Назарэўскі, пахаваўшы бацьку, цешыў змучаную Ірынку і правіўся ад раны і хваробы, а пасля паехаў у Чырвоную армію, на Скуратовічавым хутары адбываліся справы, водгаласкі якіх дайшлі да самых нашых дзён. Больш таго, яны паклалі вельмі выразна свой след на лёс некаторых людзей, можна сказаць, герояў гэтага апавядання.

Раз уночы з таго самага ельніка, у якім Скуратовіч хаваў свае коні, вышла чалавечая постаць.