Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Нічога не будзе, акрамя таго, што пагоняць у часць. Дзякуй ім за ласку, — флегматычна заўважыў сын. — Я чытаў гэтую іх паперу, хай яны яе спажываюць самі.

— Яно-ж гэтак, — згадзіўся бацька. Гэта адно, каб перабыць гэтыя часы, перахавацца, а там бог бацька. Кажуць, што з-пад Варшавы пачалі іх ужо адганяць.

— Што больш чуваць?

— Раквізіца будзе.

— Можа прыязджалі ўжо?

— Не, мяне самога выклікалі ў воласць. Сёння. Пыталіся, колькі магу даць старога збожжа і колькі нажаў новага.

Адчыніліся дзверы, і старая Скуратовічыха ўнесла туга напакаваны мяшочак. Яна заплакала.

— Божа мой, божа, у гэтакія свае гады не жыве, а туляецца ў лесе, каб на людскія вочы не паказацца.

Праз хвіліну Толік Скуратовіч сядзеў за сталом і еў, а праз хвілін дзесяць ён ужо выходзіў з хутарскага двара. Ён нёс мяшок з прадуктамі і ціснуў пад рубашкай рэвольвер. Ён ішоў спакойна, нават крыху пачаў пасвістваць. Як і кожны раз, ён думаў так, без ніякіх прыгод, дайсці да ельніка і там далучыцца да сваёй кампаніі. Ён ужо мінуў разгатую дзічку, як недзе, далёка яшчэ, па той бок хутара, пачуў як-бы тупат конскіх капытоў. Ён яшчэ раз абмацаў пад рубашкай зброю і вярнуўся назад да дзічкі. Прытуліўся да яе і пачаў слухаць. „Калі што якое, то павінны абазвацца сабакі“ — думаў ён. Сапраўды, неўзабаве абазваліся сабакі. Гэта быў страшэнны брэх і скогат. Больш-жа нічога не чуваць было, быццам сабакі брахалі на нежывога. Тымчасам Толік Скуратовіч усё стаяў пад грушаю і пры-