Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што скажаце, пане Скуратовіч?

Той маўчаў.

— Што ты тут робіш?!

Тон гэтых апошніх слоў быў вельмі выразны. Скуратовічык устрапянуўся ўвесь і ў адзін момант, дзесьці з свае сіняй спецоўкі, выхапіў рэвольвер, малую прыгожую штучку самай апошняй замежнай фірмы. Міхал Тварыцкі не заўважыў гэтага. Ён хапіў Скуратовіча за рукі, вышэй локцяў і паціснуў яго перад сабой. Але Скуратовіч пачаў выбіраць позу, каб нацэліцца Тварыцкаму ў грудзі. Тварыцкі пусціў яго рукі і кулакамі даў яму ў твар. Зброя ўпала, Скуратовічык кінуўся на Тварыцкага. У іх абодвух здаецца пена пачала падаць з губ. Тварыцкі пачаў адступаць. От ужо ён сышоў уніз, дзе няма кустоў, дзе сцежка дыхае пад нагамі. За плячыма яго чорнай прорвай глядзела ў неба „чортава вока“. Скуратовіч так і выкіроўваў, каб Тварыцкі, не бачачы, задам адыходзячыся, упаў туды. Скуратовіч ішоў з паднятымі кулакамі. Тварыцкі таксама трымаў паднятыя кулакі. Раптам Тварыцкі з сілай даў зноў Скуратовічу ў твар. Той на момант апусціў кулакі. Тварыцкі хапіў яго проста поперак цела і падняў гэты страшэнны для яго цяжар. Той бесперапынна біў Тварыцкага па твары і галаве. Тварыцкі задыхаючыся, адчуваючы, што калені яго дрыжаць і згінаюцца, бачачы, што сам ён пачаў ужо уязджаць у багну, сабраў апошнія сілы і кінуў Толіка Скуратовіча ў „чортава вока“.

Растрывожаныя рыжыя казюлі і чэрві ўсплылі на паверхню чорнай прорвы.