Скуратовічык цяпер маўчаў і чакаў, куды ўсё павернецца далей.
Міхал Тварыцкі некалькі момантаў маўчаў, не зводзячы вачэй з Скуратовіча. Гэтыя моманты былі момантамі вельмі яснай работы думкі, і думка бесперапынна падагравалася страшэнным агнём з самай глыбіні чалавечай істоты. Вядома, не да гаворкі было цяпер Міхалу Тварыцкаму. Ды і каб хацеў ён выказаць тое, што гняло яго цяпер, ён напэўна не мог-бы знайсці стройных і моцных слоў. З яго душы от што прасілася ў свет:
„Твой бацька і ты, мучачы мяне, убівалі мне ў галаву, што чалавек на свеце ад веку да веку будзе рваць горла другому? І кожны павінен быць гатоў сам рваць кожнаму горла, каб абараніцца. Выварочваючы маю дзіцячую душу, вы ўпэўнівалі мяне, што нявінныя дзеці, змучаныя і сіратлівыя, як пакалечаныя птушкі, будуць бадзяцца па пакутных дарогах і з грымасамі на сваіх нявінных тварах піць усю прагоркласць свету? Вы гандлявалі маім маленствам і пакутамі майго абязвечанага вашым-жа ўстанаўленнем бацькі? Цераз вас бачыў і сваё дзіця босым і голым на гэтых-жа дарогах! Цераз вас я смяяўся з вялікага подвігу малога дзіцяці Ірынкі, асоба якое цяпер для мяне ў арэоле! Цераз вас я сам сябе бачу разарваным на дзве часткі! Адзін я цяпер, другі раней. І паміж гэтых двух стаіць постаць вашага пастушка, які дрыжэў пад вашым голасам і якога вы калечылі!“
Міхал Тварыцкі стаяў перад Скуратовічыкам і маўчаў. Але от Скуратовічык як быццам заўважыў на яго твары штосьці для сябе спагаднае. Праўдзівей кажучы, ён гэта ўявіў сабе, ён хацеў гэта ўбачыць. Нейкая грымаса, падобная да пачатку ліслівай усмешкі, нарадзілася і застыла на твары Скуратовічыка. Міхал Тварыцкі загаварыў: