верыў. Пасля ён адумаўся. Страшэнная ўзнятасць заварушылася ў ім і пачала вырастаць. Увесь свет стаў поўны з‘яваў і рэчаў і вялікага сэнсу. Нідзе ніякай пустаты. Усё сыходзілася сюды, станавілася бліжэй, густа вызначалася колерамі. І ў сярэдзіне ўсяго была агідная шыя з сабачым запахам.
Крокаў за некалькі назад глядзела ў неба „чортава вока“, пад нагамі была вытаптаная сцежка, дзятлы дзяўблі кару, сонца залівала бляскам нават самы лясны змрок пад кустамі. Шыя з бародаўкамі ляжала і не варушылася.
— Пане Скуратовіч! — сказаў Міхал Тварыцкі.
Шыя не зварухнулася.
— Пане Скуратовіч! — гукнуў Міхал Тварыцкі.
Шыя як вал у малатарні закруцілася.
— Пане Скуратовіч! — ядавіта прашаптаў Міхал Тварыцкі.
Шыі не відаць стала. Усё закрыў сабою твар. Ён быў, таксама як і шыя, недагледжаны — пазнаў небарак і вецер і пыл. Нічога, яго пабрыюць, памажуць і папудраць, калі будуць мець ласку вярнуцца туды. Прыдзе ўвечары Наўмыснік, прынясе шпіёнскія матэрыялы і — бывайце здаровы тымчасам! Толік Скуратовіч, нарыхтаваны да ўсяго, не зводзіў вачэй з Міхала Тварыцкага. Ён быў пастарэлы, патаўсцелы, але ўсё той-жа самы Скуратовіч, і Міхал Тварыцкі гэта бачыў. Толік Скуратовіч у гэтыя першыя моманты ніяк не быў пэвен у Тварыцкім. Хто яго ведае, які, хто і што ён, гэты асуджаны чалавек. Можа яго можна пакінуць тут на месцы Наўмысніка? А можа ён гатоў пажывіцца і на гэтым большэвіцкім будаўніцтве, і на Наўмысніку, і на тым, і на гэтым, так як раней было з тымі грашыма? Рашучы і кемлівы,