Гэты ў аўтамабілі коціць і без шаўфёра, а сам. Ходзіць у вялікіх ботах, сам па балоце лазіць, калі дзе саломіна валяецца, дык і яе кіем тыцкане і за гэты непарадак парабку рубель з пенсіі вылічыць. Гэты б‘е рублём. Ён не верыць аканому, а, прабуючы зямлю, сам за плуг возьмецца і папаарэ да поту разам з парабкамі. Гледзячы на яго, і паны з даўнейшай натураю пачалі цягнуцца за ім. Напрыклад, сказаўшы, аўтамабілі пазаводзілі. Але што-ж, калі ён з белай рукі пярсцёнка не зніме. Без лёкая не нагнецца кветку паненцы вырваць. Дык што за карысць з гэтага яго аўтамабіля! Аўтамабіль яго маёнтка не выратаваў. Усё адно — ён павінен прадаць свой маёнтак таму, у каго новая натура. Каб не вайна, дык які-б небудзь Кандыбовіч і разгарнуўся-б тут. Але і так сказаць, вайна ні Хурсу, ні Кандыбовічу на згубу не пайшла. Яны на ўвесь фураж цэлага войска падрады бралі. Паазалочваліся. Паны, калі прадалі зямлю, то не адзін-жа які-небудзь там Кандыбовіч яе купляў. Купляў і народ. Каб не вайна, то я і сам прыкупіў-бы яшчэ валоку якую. Народ багацеў-бы. А багатыя гаспадары зрабілі-б хаўрус і балоты сушылі-б, і машыны заводзілі-б. А каля багатага і бедны карміўся-б і капейку зарабіў-бы… Мог-бы жывіцца калі не каля пана, то так каля багатага гаспадара. Пан не кожны літасць меў над чалавекам. Што паноў страсянулі, то гэта ім варта. Падгрэблі былі сабе ўсё. А народу як? Калі маёнтак, то я рабіў-бы яго невялікім, на дзесяцін шэсцьдзесят, і даволі. Няхай бы сабе кожны, хто мог спосаб мець — набываў-бы.
Ен так верыў у сваю праўду, што нават не з‘яўлялася ў яго і думкі, што той чалавек, якога ён вязе, глядзіць на ўсё інакш. Ён мог толькі аду-