мацца тады, калі той чалавек часам устаўляў сваё слова. Ён і цяпер слова ўставіў:
— Тады ўжо ў вас парабкаў было-б многа?
— Хто яго?.. чалавек наперад хіба ведае?
Скуратовіч як-бы прыбянтэжыўся. У вачах Кандрата Назарэўскага ён раптам вырас. Яму дзіўна стала, як гэты чалавек не страляе дзе-небудзь у яго, а вязе на сваім возе. Такое з‘явілася Кандрату Назарэўскаму адчуванне.
— Паганяйце каня, — сказаў ён пагардліва, мы гэтак і да вечара не заедзем.
Скуратовіч таксама пагардліва, але паслушна, сцебануў каня. Змучанае вайной і ранай усе цела Кандрата Назарэўскага прасіла спакою. Ён цяпер прагнуў скарэй даехаць туды, дзе ён будзе адпачываць і лячыцца. Скуратовіч маўчаў. Кандрат Назарэўскі ўспёрся локцем на салому, прылёгшы. Локаць прыціснуў салому да драбіннага доння. Так стала спакайней ехаць. Мясцовасць плыла вельмі павольна.
Толькі на другі дзень убачыў Кандрат Назарэўскі свой родны гарадок. Ён не пазнаў яго. Муры, якія і былі ў ім, асталіся пабітыя гарматамі. Драўляныя вуліцы пакалечаны агнём. Сады чарнелі абсмаленым голлем. Людзі прытуліліся на вуліцах. Зборышчамі брудных лахманоў былі дзіцячыя пасцелі. Прыглушаныя горам жанчыны яшчэ ўсё не маглі апрытомнець. Людзі стаялі натоўпамі, яшчэ ўсё не могучы даступіцца да якое-небудзь свае справы. Кандрат Назарэўскі ішоў вуліцай, не пытаючы ні ў каго, што гэта? Яму і так было вядома: вайна і адступ варожага войска. Ён дайшоў да канца вуліцы. Які цяпер бацька? І як яны спаткаюцца? Ён убачыў, што два муры дробнай ткачоўскай фабрыкі спалены і разбураны. „Значыцца, цяпер ужо бацьку, ста-