Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Скуратовіч паглядзеў на Кандрата Назарэўскага і спыніў гаворку. Лясы адыходзілі на далясляды і пасля зноў сыходзіліся на дарозе. Лясныя выжарыны трапляліся часта, балотныя выспы, забалочаныя паляны ішлі ўсё часцей. Торф выступаў скрозь. Здавалася — уся зямля чарнее торфам з-пад травы. Лес пачынаў драбнець. Усё торф і торф. Часамі, дзе ўжо зусім нізка было, ішоў спрэс каржакаваты хвойнік, крывы бярэзнік, купчасты алешнік. Пасля дарога зноў ішла пад гару, і выносістыя хвоі зноў цягліся ў неба.

— Ах, лес, — гаварыў Скуратовіч, — балота. Гэта ўсе княжыя лясы. Каб не вайна, паны балота браліся-б асушваць. Добры лес пакінулі-б, дрэнны вырабілі-б на палі. Не пазнаць было-б, мясцовасці. Але, сказаць, і паны былі ўсялякія. Іншы не мог жыць інакш, як яго бацька жыў. Старыя паны як жылі? Ён сабе выязджаў на сваім фаятоне і не знайся! А там зямлю гэтую корпалі парабкі на старасвецкі лад. А цяпер пара інакшая прышла. Цяпер народ размножыўся, маёнткі драбнець пачалі. Некаторыя паны дык проста паспрадавалі іх, бо падаводзілі свае двары да няма нічога, не ўмеючы гаспадарыць па-новаму. Час інакшы прышоў. Новыя паны пачалі з‘яўляцца. Унь Хурс, можа і чулі, свіны купец? Гэты кожнага даўнейшага пана можа купіць з жонкаю і дзецьмі, як кажуць. Бо ён ведае, як цяпер на свеце трэба паварочвацца, як практык. Або Кандыбовіч! Купіў спачатку маёнтачак нейкі задрыпаны і так яго, пане мой, вырабіў, што грашмі нажыўся. Тады і пачаў больш маёнткі скупліваць. Пашырыўся на цэлую губерню. Каб траха, дык і Радзівіл. Гэты ўжо зусім адменны пан, хоць-бы сабе і Кандыбовіч. Гэты ўжо не выедзе ў фаятоне і на конях з белымі стужкамі на набадрах.