за ўсё ён убачыў твар гэтага чалавека, пакуль той пераварочваўся і лажыўся. Ужо нават у першы момант Міхал Тварыцкі быў упэўнен, што пазнаў гэтага чалавека. Пасля — яшчэ адно. Калісьці, у свае дзіцячыя гады, пасучы на Скуратовічавым хутары каровы, ён не дагледзеў чараду, і адна карова забрыла ў лес. Ён доўга шукаў яе, і пакуль знайшоў, пачало цямнець. Толік Скуратовіч прышоў глядзець, што такое здарылася.
— Чаму каровы трымаеш так позна? — закрычаў ён на пастушка.
— Адна карова была згубілася, я яе шукаў, — адказаў пастушок, выганяючы карову з лесу.
Толік Скуратовіч бачыў, як пастушок, падганяючы карову, ледзьве цягнуўся, моцна прыпадаючы на адну нагу і аж стогнучы.
— Чаго ты так ідзеш?
— Я шукаў каровы і ў лесе, бегучы, ступіў у зарослую дзеразой яму і ўпаў, і вельмі нага баліць. Мусіць гэта я нагу звіхнуў.
— Я табе зараз галаву звіхну.
— Але я карову затое знайшоў, — енчыў пастушок.
— А што-ж, ты будзеш губіць, а каб нехта за цябе шукаў?
— А на другой назе я скуру аб корч абдзёр.
Сапраўды, з другой нагі, з-пад пальцаў, цякла кроў. Пастушок ішоў цераз сілу, скалечаны, напалоханы. Ён ледзьве падкульгаў да гаспадара і заплакаў.
— Чаго ты?
— Мне так баліць. Я ісці не магу.
Ён сапраўды не мог ісці. Паспрабаваў скакаць на адной назе і ўпаў на зямлю, сашчаміўшы зубы. Больш ад яго не пачулі ні слова, ні гуку. Ён ужо змалку прывучаўся цярпець боль моўчкі. Скура-