рачной вады. Кравец пастаяў хвілін з пяць і пачаў чагосьці шукаць у прырэчным чароце. Неўзабаве ён дастаў адтуль дзве вуды, пачаў іх раскручваць і, як-бы апраўдваючыся перад маўклівым Тварыцкім, сказаў:
— Тут гэтыя вуды ў мяне і хаваюцца заўсёды. Часамі я люблю прысці сюды пасядзець з вудай.
Тварыцкі нічога не адказаў. Кравец закінуў вуды і прымасціўся сесці над самай вадой. Праз нейкі час рыба пачала браць прынаду. Кравец захапіўся гэтай забаўкай. На Тварыцкага ён глянуў толькі тады, калі той вырваў чароціну, пачаў драбіць на кавалачкі і кідаць у спакойную плынь вады. „Няхай адыйдзе чалавек, паспакайнее“ — думаў кравец“. „Скарэй-бы заўтрашні дзень і на работу“ — думаў Міхал Тварыцкі. Так думаючы, ён з вельмі вялікай павольнасцю пайшоў сцежкай назад ад рэчкі, цераз кожныя крокаў пяць, а то і за кожным крокам спыняючыся і разглядаючы траву, кветкі, пяньчукі, зрываючы вяршкі асакі, тручы іх у пальцах, жуючы, перакусваючы і выплёўваючы травіну. Кравец глядзеў то на свае плыўкі, то на яго — куды ён пойдзе. А ён зусім стаў на сцежцы, стаяў хвілін дзесяць, апанованы думкамі, пасля ступіў крокаў дзесяць далей. Так ішоў час. Сонца спускалася ніжэй. Міхал Тварыцкі так падышоў да самага „чортавага вока“, глянуў у чорную прорву. Ён ішоў так паволі і так ціха, што яго аніяк не чуваць было, нават і за поўкрока. Сама сцежка была мяккая, тарфяная, мялася пад нагамі і скрадвала шум крокаў. Тварыцкі пачаў узыходзіць на куп‘істы ўзгорачак. Алешнік і ядловец стаялі зялёнай сцяной. Выдзяляўся высокі куст, ён купчасціўся навокал пня спілаванай алешыны, Гэта было якраз тое месца, дзе гаварылі тады Наўмыснік і Чарпакевіч.