краўцовы крокі. Кравец пайшоў з ім поплеч і працягнуў яму свой партабак з папяросамі.
— Што ты тут будзеш, Тварыцкі, рабіць? — сказаў кравец.
— Працаваць буду.
— Бачыш ты… От і добра.
Кравец не ведаў, што і як у такім стане гаворыць. Міхал Тварыцкі менш за ўсё цяпер думаў пра краўца. Ён вышаў на бераг лесу, бачыў адгэтуль забудаваны няскончанымі мурамі ўзгорак, аблітыя сонцам дарогі, чуў каля сябе спакойную цішыню лесу. Чуў увесь гэты сонечны і шырокі дзень. Здалёк, з рэчкі, чуліся песні хорам. Міхал Тварыцкі ішоў берагам лесу, куды вяла дарога. Кравец ішоў з ім поплеч. Дарога завярнулася ўлева, вышла к рэчцы. На рэчцы плылі лодкі, поўныя людзей. Грымела песня. Ён пайшоў далей, не заўважаючы пры сабе краўца, ён бачыў тут, з гэтага боку лесу, пачатак асушальнай канавы, яна пачыналася на гэтым рэчным беразе. На гэтым-жа беразе быў куток, прыціснуты к рэчцы і абведзены кругом зараснікамі, якога яшчэ чалавечая праца не зачапіла. Некалькі „чортавых вок“ маўчала ўсёй сваёй чарнатой, крынічышчы хаваліся ў жорсткай траве. Усё было перавіта вытаптанымі сцежкамі. Дзе толькі льга было прайсці паміж крынічышча, там вілася сцежка. Адна ішла паўз самы край „чортавага вока“ і каля яго ўзыходзіла на куп‘істы ўзгорачак, дзе раслі хмызнякі. Гэта і было тое месца, куды зранку Наўмыснік праходзіў на паляванне і гаварыў з Чарпакевічам. Налева ад гэтых кустоў было тое месца на рэчным беразе, дзе тады Міхал Тварыцкі мыўся і адкуль яго бачылі Наўмыснік з Чарпакевічам. Міхал Тварыцкі цяпер зноў прышоў на гэтае месца, сеў і пачаў глядзець на цішыню