Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/290

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вышла адна. Ён убачыў перад сабою вельмі выраслую дзяўчынку. Яна была ў бархатнай сукенцы, у лёгкіх туфельках. Ясны позірк яе вачэй нагадваў Зосю. Непаразуменне свяцілася ў дзіцячых вачах — што гэта за чалавек такі? Ён бачыў з усёй яе постаці, што яна жыве радасна і весела, што яна здаровая і не ведае якога-небудзь там пакутнага жыцця і страшных сірочых дарог.

Праз хвілін сорак пасля гэтага моманту, калі ўжо ўсе гэтыя справы, пачынаючы з тых дзён, калі ён пасвіў у Скуратовіча каровы, і да гэтага часу, дайшлі да свайго кульмінацыйнага пункту і, можна сказаць, катастрафічнага завяршэння, ён сам вельмі выразна сфармуляваў свае адчуванні і сваю свядомасць таго, што Слава радасная і не ведае пакутнага жыцця. Там ён тады думаў і пра сябе. Цяпер-жа запытаў Славу:

— Ты ведаеш мяне, Слава?

Яна маўчала і думала. Яна ўспамінала, блізка было да таго, што яна яго зараз пазнае.

— Якія там людзі з табой у хаце?

— Госці. Мама сёння вечарам паедзе. Яна паедзе вучыцца, і мы ўсе праводзіць будзем яе.

— А як ты будзеш?

— Мама там будзе бачыць. Або забярэ мяне з сабой або я тут буду.

— З кім-жа ты тут будзеш?

— З усімі. Тут-жа ўсе. І Ірына тут.

У гэты час прычыніліся дзверы і вышла Ірына.

— Славачка, чаму ты пайшла? — сказала яна, але, убачыўшы, што з Славай гаворыць незнаёмы чалавек, яна пайшла назад. І мусіць там сказала пра чалавека Зосі, бо неўзабаве Зося вышла ў сенцы.

Убачыўшы Міхала Тварыцкага, Зося здзіўлена стала пры дзвярах і не сказала ні слова. Ён за-