якую ён рыхтаваў ёй. Трэба сказаць, што на гэтую справу ён спадзяваўся і ў тым сэнсе, што яна можа быць перакіне мост паміж ім і Зосяй. („Самы яго ўчынак тут шкодзіў толькі ворагу. І як ён клапоціцца пра Славу!“)
І от ён з‘явіўся ў тую мясцовасць, дзе жыў раней заўсёды. Ён убачыў на месцы старых дарог узаранае поле і пракладзеныя новыя дарогі там, дзе іх раней не было, ён убачыў новыя забудовы і, азіраючыся, дайшоў да свае хаты. Быў вечар, змеркла нядаўна. У хаце гарэла лямпа. Ён зірнуў у акно, думаючы ўбачыць там Славу. Аж там зусім незнаёмыя людзі сядзелі за сталом і ніколі раней нябачаная жанчына ставіла на стол вячэру. Двое невядомых дзяцей (адно узростам такое, як Слава) крычалі жанчыне:
— Мама, давай нам першым.
Міхал Тварыцкі адступіў ад акна. З сянец вышаў чалавек. Міхал Тварыцкі падышоў да яго.
— Тварыцкая тут жыве?
— Не, — адказаў чалавек, яна раней тут жыла, цяпер яна зусім выехала туды, пад Дзве-Хаты, недзе там працуе на пабудове электрастанцыі.
— А хто тут жыве?
— Я жыву. Я тутэйшы калгасны каваль. Быў раней у тым калгасе, за лесам, а цяпер сюды перайшоў, тут каваля не было. А там мой сын. А вы хто-ж будзеце?
— Я тут да Тварыцкае інтарэс меў. З-пад горада я.
— Э-э-э, чалавеча, тут ужо і забылі пра Тварыцкіх, даўно было. Ну, то заходзь, чалавеча, пераначуеш, назад-жа пад горад не пойдзеш напроці ночы.
Тварыцкі ўвайшоў у хату, убачыў новую падлогу, адбітую дошкамі баковачку.