— У лесе з коньмі гэта сын яго?
— Сын.
— Чаму-ж ён не ў арміі?
— Ён яшчэ перад палякамі, як было адступленне, уцёк дадому. З першага дня, як прышлі палякі, яго ўжо бачылі дома. А цяпер ён у лесе, коні трымае. Ператрымаў увесь час, пакуль армія прайшла. Ніхто і не ведаў. Няма коней і няма. У абоз, значыцца, пагналі. Так усё стары казаў.
— А ён цяпер у армію пойдзе?
— Хто яго ведае. Толькі ўчора павыклейвалі ў нас загад — за некалькі год хлапцам трэба з‘яўляцца. Яго году таксама трэба. З‘яўляцца трэба праз дзесяць дзён. Ці пойдзе ён ці не, — хто яго ведае. Тут і больш ёсць дэзертыраў. Гавораць, што пойдуць, хто іх ведае.
Скуратовіча ўбачылі па гэты бок ельніка. Ён вёў на повадзе чорнага каня. Запрагаючы, ён сказаў, ні на каго не гледзячы:
— Вядома. Кожнаму чалавеку вайна страшна. Кожны ратуецца як можна. Я мучыўся, гараваў…
Яны паехалі. Кандрату Назарэўскаму балела рана на назе. Многа так ехаць ён не мог. Праз вёрст пяць было мястэчка. Кандрат Назарэўскі сказаў тут спыніцца. Яму ўжо трэба было адпачыць.
— А такі і праўда, — узрадваўся Скуратовіч. — Вы хворы і змучаны. Вы тут сабе ў каго ў хаце адпачніце да заўтрага, а там вам дадуць фурманку і вы сабе паедзеце далей на здароўе. А я сабе пабяруся па-крысе дадому авёс вазіць. От тут мне жонка бутэльку малака на дарогу ўставіла ў воз, то вы гэтае малако можаце ўзяць сабе. Ад малака вам, яж кажу, лагадней стане. Адно калі ласка мне распісачку, што я вас вёз.