сцінку на самым версе галавы. Глянуўшы на фурманку, яна зусім пакінула жаць і засталася так стаяць, пакуль не пад‘ехалі бліжэй. Ёй было год каля чатырнаццаці.
— У фурманку? — сказала яна, цікаўна гледзячы то на Скуратовіча, то на чырвонаармейца.
— Але, — панура адказаў Скуратовіч.
— Чаму-ж вы, дзядзька, добрага каня не запрэглі?
Яна не зміргнула вокам, гледзячы на Скуратовіча. Жанчыны — некаторыя ўсміхнуліся, некаторыя яшчэ ніжэй нагнуліся жаць, а самі ўсё паглядалі на дарогу. Скуратовіч паціснуў плячыма і паглядзеў на чырвонаармейца. Што, значыцца, з ёю гаварыць! Чырвонаармейцу-ж вядома, што коней у яго дома няма!
Дзяўчына ўсё глядзела на Скуратовіча. Гэта была самая шчырая, можна сказаць, дзіцячая наіўнасць. Яна зусім ужо вышла на дарогу. Кандрат Назарэўскі заўважыў, як густа ад загару вяснушкі ўкрылі яе твар. Ён спыніў каня. Скуратовіч загаварыў да дзяўчыны, ядучы яе вачыма:
— Дзе-ж тыя коні! Няма-ж дома.
— А ў ельніку-ж! Вунь-жа блізка. Толік-жа там з коньмі.
Цяжка было разабраць — ці гэта ад наіўнасці, ці гэта сумысля, нават зларадна.
— Што ты дурыш! — аж затросся Скуратовіч.
Угнуўшы плечы, яна пачала жаць.
— Марш па коні! — загадаў чырвонаармеец. — Жыва!
Скуратовіч пайшоў у ельнік. Жанкі са здзіўленнем паглядалі на дзяўчынку. Яны спачувалі ёй. Чырвонаармеец разгаварыўся з імі:
— Гэта Скуратовічаў авёс жнеце?
— Але.