Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што? — вышаў з цярплівасці Кандрат Назарэўскі. — Праз гадзіну мы з вамі паедзем далей! Заязджайце ў які-небудзь двор!

Холадна і спакойна, як быццам-бы нічога не было, Скуратовіч сказаў:

— Унь там хата майго знаёмага, туды заедзем!

Завярнулі ў двор. Кандрат Назарэўскі ўвайшоў у хату. Там быў адзін толькі хлапчук, год яму было не больш пяці. Ён сядзеў на зямлі і чэрпаў вялікай лыжкай з гаршка нейкую шэрую калатушу. Твар у яго быў страшэнна замурзаны.

— Дзе-ж усе вашы?

— Няма нікога дома, — катэгарычна адказаў ён. — Тата на рабоце (памаўчаў). А Зося наша дома не жыве (гаварыў ён нейкім дзіцячым басам).

— А дзе-ж жыве ваша Зоська?

— У Скуратовіча служыць.

„Ці не тая, што авёс жала і пра коні гаварыла“.

Кандрат Назарэўскі хапіўся за кішэні, але што там у яго магло быць, каб даць на пацеху ці на асалоду гэтаму дзіцяці? І ён нагарнуў сабе пад галаву ўсялякіх лахманоў і лёг на лаве. „От, чорт, — думаў ён пра Скуратовіча, — як ён намучыў мяне, сабака“. Хлапчук усё боўтаўся ў гаршку.

Спаў ці так драмаў Кандрат Назарэўскі? Яму не хацелася нават паварушыцца. Цішыня ў хаце была не звыклая. Яна цяглася аж датуль, пакуль не ляпнулі дзверы і ў хату хтосьці не ўвайшоў. Гэта была тая самая дзяўчына.

— Які ты мурзаты, — сказала яна да хлапчука.

Яна намачыла ручнік і выцерла яму твар.

— На, — дала яна штосьці яму.

— Сала? — узрадваўся малы. — Дзе-ж ты ўзяла, Зоська?

— Табе прынесла.

Ядучы, ён дурэў з сястрой, пасля кідаўся на