Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зірнула вайскоўцу ў твар і пасмялела. Яе ўжо цікавілі яго чырвоныя пятліцы.

— Вы Тварыцкая? — запытаў вайсковец.

— Тварыцкая.

— Вам, вядома, цяжка мяне пазнаць. Я таксама вас ніколі не пазнаў-бы. Калісьці мы з вамі бачыліся, гаварылі, вельмі даўно было, я хацеў з вамі ў тыя часы другі раз пабачыцца і замест вашай хаты ўбачыў пажарышча.

— Я не магу вас ніяк успомніць, — сказала яна, і ён заўважыў у яе голасе ноткі нейкай як-бы надзеі.

— Я Назарэўскі. Памятаеце, чырвонаармеец хворы ехаў.

— Назарэўскага я памятаю. Я ўсё чыста памятаю, што тады было, тады так цяжка мне прыходзілася.

— Таксама як і цяпер.

На хвіліну яны абое змоўклі. Хіба гэта быў той Кандрат Назарэўскі? Яна акінула позіркам яго твар і постаць. Перад ёй стаяў не той змучаны, худы, з зямлістым тварам у вываленым у зямлі шынелі чырвонаармеец. Гэта быў зусім іншы чалавек. Можа хіба захаваўся без змен голас, але-ж яго голаса яна ўжо не памятала. Гэта быў чысты і зграбны чалавек, з белымі рукамі і гладка выбрытым тварам. Шэры колер яго шыняля быў цямнейшы за звычайны колер вайсковага шыняля, пояса на ім не было. Ёй у гэты момант здалося: з тым Назарэўскім можна было пра ўсё гаварыць, з гэтым — хто яго ведае.

— Я змяніўся, праўда?

— Змяніліся.

— Вы таксама… Я зусім забыўся, што ў вас дзяўчынка. Я прывёз-бы ёй гасцінец.

— Забыліся? А хіба вы ведалі?