— За ўсімі ўладамі цяпер цяжка — вядома вайна. За палякамі пан сюды прыязджаў, той, што я ў яго зямлю гэтую купіў. Збяднеў за гэты час і ён. Яшчэ спачатку рэволюцыі ён быў з маёнтка свайго ўцёк і жыў у нашым гарадку, у павеце. Перад самымі палякамі яшчэ паехаў я раз у горад, спатыкаю яго, а ён мне дзеньдобры першы дае. Дастаў з кішэні партабак, пачаў круціць папяросу і кажа мне: „вас я сваім тытунём не частую“. Закурыў ён; я чую па дыме, што нейкі дзіўны тытунь. Што гэта, пытаю, пан курыць? „Вішнёвае лісце“ — кажа. І паказаў. Гляджу — праўда.
— Божа мой, божа! — абазвалася гаспадыня.
— Небарак пан, — паківаў галавой Кандрат Назарэўскі.
Пайшлі садзіцца ў воз. Запрэжаны конь быў высокі, худы — адны косці і скура — з казённым кляймом на сцегняку. Пярэднюю нагу ён трымаў падняўшы, сагнуўшы ў калені.
— У яго нага баліць?
— Баліць. Гэта там на дарозе за лесам на тым тыдні салдаты яго кінулі, я яго забраў і крыху адхаяў. Можа як завязу вас. Што-ж вы будзеце прападаць без фурманкі, Як-небудзь можа будзем ехаць. Но, малы! (Страшэнна кульгаючы на пярэднюю нагу, конь крануў з месца.) У мяне самога коні не кепскія, але ў раз‘ездзе. Двое коней у абозе, а трэцяга ўзялі ў вёску знаёмыя людзі снапы вазіць. Што-ж, трэба памагчы людзям. Сам я нейк управіўся. Авёс яшчэ мой увесь не пажаты.
Конь ледзве ішоў, з кожным крокам прыпадаючы мысай у зямлю.
— Дзе вашы коні?! — Кандрат Назарэўскі саскачыў з воза і спыніў каня. — Зараз-жа давайце свайго каня!