Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

што бацька таксама, як і маці, лагодна прыціскае яго да сябе. Усё было незразумелае. Дзіцячыя пачуцці не маглі выйсці са змроку, у якім губляліся ўсялякія ясноты. Дзіця стаяла паміж бацькам і маткай. Як-бы на дзве палавіны трэба было разарвацца дзіцячай душы.

Дзяўчынка дастала з фалдаў сукенкі жоўтае шкло і прыклала к воку. Свет стаў страшны. Маці нагнулася корпацца ў зямлі. Бацька пайшоў за плугам. Дзіця адвяло шкло ад вока. Свет стаў ясны і радасны. Зеляніўся ельнік, пахла поле, чырвонілася асіна. Дзіця пачало зрываць жоўтае лісце з шыпшынавага куста.

Пад поўдзень Міхал Тварыцкі сказаў жонцы:

— Зося, трэба адпачыць. Пасядзі з дзіцём. Я пайду ў лес, можа грыбы якія.

— Так позна грыбы?

— Чаму, цёплая восень.

Адышоўся ён паволі, а чым бліжэй падыходзіў к лесу, тым больш паддаваў ходу.

У гэтыя часы зусім прайшлі ў яго прыступы трывогі, пачатак якое быў у допытах яго следчым. Яму заўсёды было прыкра пасля сварак з жонкаю. Нелады гэтыя цяпер пайшлі вельмі выразна. Чалавек цяпер сам таго не заўважаў, што яго дачыненні да сям‘і, да дзіцяці ператвараліся ў сваю супроцьлегласць.

У гэтую хвіліну, калі ішоў ён к лесу, штосьці цягнула яго паглядзець тое месца, дзе ён знайшоў быў той пачак новенькіх трохрублёвак. У лесе было ціха. Вытаптаная сцежка была вільготная ад начнога туману. Ён прайшоў узад і ўперад паўз смольныя ствалы хвояў. І раптам новая думка агарнула яго: „з банка-ж украдзена не трыста рублёў, а больш. Кажуць, што дзесяткі тысяч. А можа нават і сотні тысяч. І чаму толькі