трыста рублёў тут магло валяцца? Чаму не можа тут валяцца больш? Прайшоў час ад таго? Але-ж не чуваць было, каб больш хто грошы тут знайшоў“. Ён-аж калаціўся ад гэтай думкі. Ён некалькі разоў прайшоў берагам лесу, туды і сюды, і пасля шпарка рушыў на сваё поле. „Каб хутчэй прайшоў дзень“.
Увечары ён стараўся вельмі спакойна гаварыць з жонкай; сказаў, што пойдзе прынясе плашку, якую прыгнала аднекуль рэчкай вада. Сапраўды прыбілася к берагу плашка.
— Цяжкая, не прынясеш, — сказала жонка.
— Табе абы пярэчыць. Прынясу.
Плашку ён прынёс і паклаў сярод двара, а сам прыпёрся плячуком к сцяне і думаў. Зусім недалёка перад яго вачыма чарнелі няясныя абрысы. Там павінен будзе к канцу ночы ўзыйсці месяц. Ён думаў: „гэта чарнее былы Скуратовічаў лясок“. Навокал не было аніякага гуку. „Там пень недзе тырчыць ад той Скуратовічавай дзічкі. Паразварочваная там рыдлёўкамі зямля паўплесквалася ўжо дажджамі. Хто яе раскапаў?“ Ён усміхнуўся і сам сабе прагуў пад нос: „Першы раз я яе раскапаў і зноў загладзіў. Ніхто не ведае і ведаць ніколі не будзе. Толькі я маленькую ямку выкапаў. Я вельмі добра месца быў запомніў. А той мусіць месца не ведаў…“ Апошняя фраза сама сабой лагічна выцекла з папярэдніх і кальнула яго свядомасць. „Або месца не ведаў, або забыўся калі так зямлю корпаў. Хэ-хэ!“ Ён аж затросся. „Значыцца, от хто гэта мог зямлю капаць! А калі так, то і забіты можа быць Седас. Няйначай гэта ён і ёсць“. Доўга глядзеў на абрысы хмары над лесам. „А чаму Седаса біць трэба было? Хто яго забіў?“ Тут усё патанула ў цемень незразумеласці. Ён перавёў вочы на чарнату лесу. Раптам ціха