Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чатыры кнігі, адна ў цвёрдай вокладцы, з пазлацістым друкам на ёй: „Русские полководцы от генералиссимуса Суворова и до конца наших дней“. На гэтай кнізе касцельныя зеленкаватыя кантычкі, а рэшта ўсё — драбнейшыя помнікі культуры: „Практический, семейный и для молодых людей письмовник“, „Сонник — об‘яснение сновидений“ и „Оракул“. Над двума дзвярыма вісела па карціне ў рамах і за шклом: на адной карціне лясная выжарына і на ёй сыходзяцца два цецярукі сярод сухіх верасоў, на другой — сабакі гоняць лося, і паляўнічы страляе з-за дрэва. Карціны местачковага ўжытку, па капеек чатыры кожная ў даваенны час, аддрукаваныя на шэрай паперы. Вазоны стаялі на вокнах і каля іх. Кандрат Назарэўскі яшчэ раз глянуў на фатаграфію Анатоля Скуратовіча: малады круглы твар, у постаці імкненне трымацца дасціпна; пра гэта, відаць, і былі толькі думкі тады, калі здымаўся.

На дварэ загаварылі. Паўз вокны ішоў стараваты чалавек, за ім тая самая жанчына. „Дома-ж аднак, — думаў Кандрат Назарэўскі. — Як-жа ён будзе апраўдвацца, што раптам апынуўся дома?“ Але і гаспадар і гаспадыня стараліся не ўспамінаць пра гэта.

— Зараз паедзем, сказаў чалавек, беручы з камоды скрыначку з тытунём. На твары яго ляжаў клопат; ён нават і не быў падобны да свайго здымка над камодай: там была навек усталяваная нерухомасць, тут чалавек жыў, трапятаўся, думаў. Ён закурыў, даў закурыць Кандрату Назарэўскаму і пайшоў запрагаць. З парога азірнуўся:

— Бяда толькі, таварыш, што вельмі неспакойна ў нас. Бандыты ў лесе ёсць, а лес-жа ў нас усюды, куды ні глянь. Ці ў вас, хаця, зброя якая ёсць пры сабе? Я дык і ехаць пабойваюся.