шапталіся, а ўвечары Седас знік. Пасля гаварылі, што ён ужо не мог з‘явіцца дадому скончыць там перад уцёкам свае апошнія хатнія справы: яго там падпільноўвалі. Пасля, як ужо ўсё паспакайнела, Скуратовіч сам хадзіў у Седасаў дом, а чаго — я не ведаю. От тады я апошні раз бачыў Седаса.
— Як вам здаецца, гэта Седасаў труп ці не?
— Цяжка пазнаць. Але я-ж бачыў яго раней, я першы ўбачыў. Спачатку я ашаламаніўся. А ўночы і назаўтра прыглядаўся. Як мне здаецца, то тут ёсць падабенства да Седаса. Можа гэта і ён.
— А больш пэўна вы не можаце сказаць?
— Не. Я не гавару, што гэта няйначай Седас. Але падобны.
— Вельмі падобны, ці так сабе?
— Хто яго ведае? У таго былі вусы. А тут — вядома, стрыжаныя вусы зменьваюць чалавеку твар.
— Ці не можаце вы як-небудзь памеркаваць, чаго там некаму трэба было раскопваць каля пня зямлю?
Малады чалавек, то зашпільваючы, то расшпільваючы сваю салдацкую аблезлую целагрэйку, разоў з восем паціснуў плячыма:
— Адкуль я магу ведаць?
— Як вы думаеце, можа яны закопвалі там каля грушавага пня награбленыя ў банку грошы.
— Каб яны закопвалі, то выкапалі-б адну ямку і ўсё. А то — навошта ім так многа зямлі раскопваць? Не, нешта не падобна, каб яны там грошы закопвалі.
— Чаму-ж там знойдзены банкаўскія трохрублёўкі?
— Хто яго ведае? — паціснуў плячыма малады чалавек і, забыўшыся на тое, што хоць тут і не