Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тутэйшымі панамі. „Ясна, гэта не Седас, дурань той, хто гэта выдумаў“ — пачалі гаварыць ужо многія.

Тымчасам выявілася яшчэ адна новая дэталь. Следчаму паведамілі, што з банка злачынцы забралі грошы ў выглядзе пазаклейваных у пачкі новенькіх трохрублёвак. А раз некалькі такіх трохрублёвак было знойдзена на раскапанай зямлі, у тым месцы, дзе калісьці расла на Скуратовічавым полі дзікая груша, то следчыя органы ўжо выразна аб‘ядналі ў адну справу: аграбленне банка, раскапаную каля грушавага пня зямлю і знойдзены каля рэчкі труп (шкуматок яго адзежы быў на пні).

Труп вельмі дасканала абгледзелі і не знайшлі пры ім аніякіх папер, з якіх было-б відаць, што гэта за чалавек. Пры трупе не было таксама ніякіх і грошай. Яго сфатаграфавалі і на чацверты дзень зранку закапалі каля самай сцежкі, там, дзе яго знайшлі. Перад закопваннем трупа следчы яшчэ раз пытаўся ў некаторых, ці Седас гэта. Труп так змяніўся, што ўжо ў ім нічога нельга было распазнаць. Той малады чалавек, што першы ўбачыў мерцвяка, таксама трапіў пад допыт.

— Вы памятаеце Седаса?

— Не зусім добра, але памятаю.

— Калі вы яго апошні раз бачылі?

— Апошні раз бачыў яго таму назад год дзесяць. Тады, калі ён збіраўся ўцякаць адгэтуль разам з панамі. Я тады служыў за пастушка ў Скуратовіча, мне тады было нешта каля чатырнаццаці год. Седаса тады шукалі сяляне, каб адпомсціцца, бо ён на ўсіх паліцыянтаў наводзіў. Я памятаю якраз перад поўднем Седас прышоў жытняй мяжой да Скуратовіча і сядзеў у хаце аж цераз поўдзень. З Скуратовічам яны доўга