Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чога не мог разнюхаць. Так што нібыта ў тамашніх следчых была думка шукаць грабежнікаў дзе-небудзь пад Двума-Хатамі. Вядома, такія людзі сядзець на адным месцы доўга не будуць, але, шукаючы іх, трэба мець на ўвазе кірунак на захад.

Такія дакладнасці былі ў гаворках, але ўсё гэта былі толькі чуткі. І от нарэшце навіну пра аграбленне банка прачыталі ў газетах. Тады ўсё стала ясней і верагодней. Што-ж да следчага, то ён пра аграбленне банка дазнаўся на дзень раней за насельніцтва. Ён атрымаў ад свайго начальства дырэктывы паставіць следства аб забойстве невядомага чалавека ў сувязь з аграбленнем банка. Сума грошай, што прапалі з банка, была вялікая, нядаўна атрыманая з цэнтра на вельмі выдатную і небывалую тут справу, якая ўжо некалькі месяцаў хвалявала ўсю навакольнасць, можна сказаць, усю мясцовасць. Але праз гэта ў двух словах не раскажаш; значыцца, пакуль што трэба скончыць раней пачатае.

Паўстала пытанне: ці прычынен знойдзены нябожчык да аграблення банка, ці яго самаго аграбілі, а з гэтай прычыны і забілі. І хто ён такі і адкуль? Бо хоць і гаварылі людзі, што гэта даўнейшы тутэйшы панскі сырнік Стафан Седас, аднак-жа цвёрда ўпэўніваць у гэтым следчага ніхто не браўся. А тымчасам, чым больш ляжаў труп, тым больш ён зменьваўся. Ужо на другі дзень пасля таго, як яго знайшлі, ён вельмі счарнеў. К таму-ж ён ужо страшна смярдзеў, і пад яго ўжо ніхто не хацеў падыходзіць. І от пачаліся гаворкі, што гэта зусім не Седас, мала што было спачатку здалося. Можа якое падабенства і было, але хіба такіх выпадковасцей не бывае? Ды і чаго Седас тут мог апынуцца, калі ён таму назад год дзесяць уцёк адгэтуль разам з усімі