Перайсці да зместу

Старонка:Трэцяе пакаленне (1935).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мога гаспадара няма. То я, што робячы, братачка, гаспадыні сказаў. А яна вельмі нешта смела кажа, што хто гэта будзе ўначы на гару лазіць! А я-ж выразна чуў! Гаспадар вярнуўся аднекуль позна. А тымчасам я сёння Ярмаліншчыка гэтага спаткаў. Ён з мяне, каб траха, то душу дастаў-бы.

І ён доўга расказваў устрывожаным людзям пра свае спатканне з Ярмаліншчыкам. Расказаўшы, ён прылёг на лаву падрамаць да раніцы, але гэта яму не ўдалося. Перш за ўсё — узбуджанасць не дала яму адразу заснуць, па-другое, як толькі ён пачаў драмаць, хтосьці тузануў яго за нагу. Ён падняў галаву і ўбачыў чырвонаармейца.

Смутак раптоўна апанаваў краўца. „От папаўся ў бяду“. Моўчкі павёў ён пяцярых чырвонаармейцаў на Ярмалінскага хутар. Там яны ўсе асталіся да канца начы і на раніцу. Стары Ярмалінскі кляўся і бажыўся, што „нічагуткі, каб я з гэтага месца не сышоў, не ведаю“. І глядзеў на краўца так, што той, ад слабавольнасці, не ведаў, дзе падзець свае вочы. Зранку Ярмалінскага пагналі з хутара. Ззаду ішоў кравец. Каля Двух-Хат іх перапыніў патруль і сказаў зайсці ў кавалёву хату. Туды краўца не пусцілі і ён пайшоў дадому, узрадваўшыся. У сваім двары ён убачыў пусты вайсковы воз. У кавалёвай хаце Ярмалінскага ўзяў на допыт высокі вайсковец. Дапытваў ён яго аж да поўдня і выцягнуў з Ярмалінскага такую справу: „начальнік бандытаў Скуратовіч падаўся за граніцу, але перад гэтым яму трэба няйначай хоць з поўгадзіны пабыць на сваім хутары. Адсюль вёрст семдзесят“. Ярмалінскі не выказаў, чаго Скуратовічыку там трэба быць.

Пасля такога паказання вайсковец вышаў у сенцы і загадаў сядлаць коней, а Ярмалінскага весці ў горад. Праз хвілін дзесяць ён сказаў кавалю: