∗
Крыжуюцца шляхі праз балаты, узгор‘і.
Зямля спалосана, як рысамі далонь,
Паявіцца іскра, з іскры шугне агонь, —
І гэта на зямлі — адвечны рух гісторыі.
І так хвілінай кожнаю, што-крок жыцьця людзкога —
гісторыя запіша — сьмерць і перамогу.
Нязгадныя гісторыі схаваны ў нетрах краю,
мы толькі помнім іх, яны зышлі ў нябыт.
У шугавейных выбухах адважнай барацьбы —
і полымя ад дыму колер свой губляе.
Што-крок праяў жыцьця — гісторыя людзкая,
адны народзяцца, другіх зямля прымае…
Вось так і Беларусь радзілася ў паўстаньні,
на касьцякох гісторыі былой.
Уздымам, творчасьцю нязломнаю сваёй
зямлю палоніць ростам рыштаваньняў.
Што-год, то больш, што-год шырэй і далей
мы гучна славім будучыню сталі.
∗
Сталецьцяў спадчыну мы скрышым,
як скалы-горы ў дробны жвір.
Краіна —
ўзброеная выйшла
ў жыцьцё —
нязьмераную шыр!