У канцы апавяданьня ў аўтографе рукою поэты пастаўлена дата — 1914 г.
Апавяданьне тэмаю, трэба думаць, зьвязана з падарожжам поэты ў Вільню ў 1911 годзе. (Ластоўскім ва „ўспамінах“ падарожжа пісьменьніка ў Вільню аднесена да 1912 году. Часопіс „Крывіч“, 1926 г. № 11).
М. Багдановіч дае ў ім шэраг тонка скомпанаваных малюнкаў віленскага жыцьця, а на іх фоне гісторыю знаёмства з маленькай Марынай і любоўную драму Базыля. Ці зьяўляецца апошняя асоба выключна стварэньнем поэты, ці яна ўзята з кола яго знаёмстваў, устанавіць немагчыма. Але прадмет няшчаснага каханьня Базыля названы імем Анны Р-ны, г. зн. тым імем, якое сустракаецца ў некаторых вершах М. Багдановіча.
6. Гарадок. Друкуецца з аўтографу (п. III, № 9).
Напісаны быў у канцы 1916 году для беларускае хрыстаматыі (Са слоў А. Смоліча).
У сказе „Ваякі і стральцы вельмі кахаюцца па сваёй зброі“ трэба адзначыць нязвычайны зварот („кахаюцца па сваёй зброі“).
Слова „жывёлай“ (у сказе „займаюцца жывёлай“) трэба разумець „жывёлагадоўляй“.
7. Сярод глухой пушчы… Друкуецца з аўтографу (п. III, № 4).
У няскончаным апавяданьні „Сярод глухой пушчы“, як і ў „Гарадку“, аўтар дае мастацка-апрацаваны малюнак старажытнага быту.
Гэты адрывак, які выяўляе процэс узьнікненьня пачатковаго пасяленьня („вёсачка“), зьяўляецца як-бы роўналежнасьцю да папярэдняга накіду („гарадок“).
8. Вясной. Два няскончаных адрыўкі („Вясной“ і „Вясёла шагаў Яныш“) друкуюцца з аўтографаў (папка III, №№ 5 і 7). Напісаны адным пісьмом і на падобнай паперы; між гэтымі адрыўкамі адчуваецца сувязь ў зьмесьце. Як відаць, другі адрывак зьяўляецца працягам першага, а таму і зьмяшчаецца ён непасрэдна за першым адрыўкам і пад агульным загалоўкам.
9. Мадонна. Перадрук з газэты „Голос“, 1913 г. № 295.
У апавяданьні трэба адзначыць нярэдкую для Багдановіча апавядальную манеру ў відзе размовы дзьвёх асоб, з якіх адна звычайна зьяўляецца самім аўтарам (гл. „Шаман“). Тэмаю апавяданьне шчыльна прымыкае да цыклю „Мадонны“ (гл. „Вянок“) і асабліва добра ўвязваецца з вершам „У вёсцы“ (№ 188) у тэй яго частцы, дзе даецца вобраз дзяўчынкі-маткі (радкі 37-49). Да гэтай часткі вершу „Мадонна“ дае некаторую роўналежнасьць.
10. Сон-трава. Друкуецца з аўтографу (п. 1, № 5).
У канцы аўтографу рукою аўтара дапісана: „Максим Богданович. Адрес мой: Ярославль, редакция газ. Голос“. Удзел у „Голосе“ поэты вызначаецца 1913-16 г. г. У гэтыя гады, прыблізна, і быў напісаны даны твор.
У сказе „смурый орел сидел“, як відаць, поэтам прыведзена беларускае слова „смуры“ ў сэнсе „хмурны“ (рас.: „мрачный“).
Слова аўтографу „небывалицы“ („полно тебе небывалицы сказывать“), якое ў расійскай літаратурнай мове ня ўжываецца, Камісія палічыла за памылку і замяніла звычайным „нябыліцы“.
Крыніца фабулы гэтага апавяданьня ня зусім ясна, але магчыма гадаць, што фабула і яе простая, але прыгожая сюжэтная апрацоўка поўнасьцю належаць Багдановічу.