Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/515

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апавяданьне распрацоўвае звычайную і улюбеную тэму аб прыродзе мастацкае творчасьці (гл. „Музыка“ і інш. апавяданьні).

11. Страшное. Миниатюра. Друкуецца з аўтографу (п. III, № 2).
„Миниатюра“ прадстаўляе сабою сцэну з акопнага жыцьця ў часе імпэрыялістычнай вайны, значыць, напісана яна магла быць не раней 1914 году, справядлівей — у 1915-16 г. г. Крыніцаю данага эцюда магло паслужыць апавяданьне якога-небудзь удзельніка вайны.
У гэтую простую, але моцную тэму ўкладзены нярэдкі для Багдановіча мотыў трагедыі людзкога жыцьця, якое, па думцы аўтара, зьяўляецца простым па сваіх абставінах, але таксама нярэдка трагічным у сваёй прастаце.

12. Камыш. Перадрук з газэты „Голос“ 1916 г. № 83.
Слова „ватажок“ („закоперщик“), трэба думаць, ужыта аўтарам у сэнсе „правадыр“.
Поэта ўжывае неўласьцівую расійскай літаратурнай мове форму „жмясь“ („не прощаясь і жмясь к стене“), якую за адсутнасьцю аўтографу і адпаведных варыянтаў прышлося пакінуць.
Апавяданьне можна разумець, як твор аўтобіографічнага характару, навеяны ўспамінамі дзяцінства.
Пастаўленыя ў дужкі выразы прыняты Камісіяй замест тых, якія ў аўтара аказаліся незакончанымі сваёю апрацоўкаю параўнальна з усім тэкстам апавяданьня.


У распараджэньні Літаратурнае Камісіі знаходзіцца яшчэ тры пераклады М. Багдановіча на расійскую мову і адно апавяданьне „Несчастный случай“.
Пераклады — два з В. Стэфаныка („Кленовые листочки“ і „Смерть“) і адзін з І. Франко („Каменщик“), — як не орыгінальныя прозаічныя творы, у выданьні не зьмяшчаюцца. Выдрукаваны яны былі ў газэце „Голос“ 1916 г. № № 129 і 137.
Апавяданьне „Несчастный случай“ было выдрукавана ў газэце „Голос“ 1913 году, № № 99 і 101 і падпісана літарамі „М. Б.“
Камісіяю рабіліся захады для ўстанаўленьня аўтарства гэтага апавяданьня, але пакуль што дакладна не ўдалося даведацца, хто крыецца пад ініцыяламі „М. Б.“ — Багдановіч ці якая-небудзь іншая асоба.