IV.
3 чарнавых накідаў.
* 1909 — 1915.
У рукапіснай спадчыне Багдановіча пераважваюць чарнавыя аўтографы, якія былі выкарыстаны для папярэдніх разьдзелаў (I — III) і для разьдзелу V на ўсіх выпадках, калі чарнавы аўтограф зьяўляўся больш ці менш закончаным і апрацаваным вершам. Рэшта чарнавога вершаванага матар‘ялу, які прадстаўляе сабою ці накіды ці цэльныя п‘есы, няпоўнасьцю, аднак, закончаныя ў стылі і версыфікацыі, выбрана Камісіяй і зьмешчана ў гэтым разьдзеле, як узор працы поэты над тэмай, мовай і вершам.
Дзеля таго, што гэтыя чарнавыя накіды групуюцца каля азначанага ліку тэм, асабліва ўлюбёных поэтам, Камісія знайшла магчымым разьмеркаваць іх у некаторыя ўзорныя цыклі, абазначаныя зоркаю*.
Устанавіць даты для кожнага адрыўку няма магчымасьці. Але таму, што ёсьць некаторыя накіды, якія адносяцца да 1909-10 г. г., і цэлы шэраг накідаў 1915 году, Літ. Камісія ўстанаўляе агульную да гэтага разьдзелу дату 1909—1915 г. г.
У чарнавых накідах некаторыя месцы (словы, выразы, цэлыя радкі) не закончаны аўтарам, а часам былі і ня ў поўнай меры расчытаны Камісіяй. Яны, як недакладна ўстаноўленыя, пастаўлены ў дужкі. Тэкст чарнавых накідаў падпарадкаваны сучаснаму правапісу, але лексыка застаўлена бяз ніякай зьмены.
243. Бывае, вада перапоўніць. Друкуецца з чарнавога аўтографу (п. IV, № 5, 10). Час напісаньня прыблізна можа быць вызначаны гадамі 1909—1911 таму, што аўтограф зьмешчаны ў чарнавым сшытку апошніх гадоў навучаньня ў гімназіі (1909—1911). У тым-жа сшытку знаходзіцца верш „Дзябольскаму“, задатаваны 1911 годам.
У радку 11-ым словы „ўсе, што мае“ друкуюцца ў дужках, як дагадка Камісіі, замест нерасчытанага тэксту.
244. Двайняткі. Друкуецца з чарнавога аўтографу (п. IV, 10, 14). Год напісаньня вызначаецца рукапісным суседзтвам з в. „За газэтай“ — 1914 г. У даны разьдзел п‘еса ўнесена, як узор няўкладзенага ў рытм і нярыфмаванага эскізу, які, як відаць, поэта меў на мэце апрацаваць у закончаны верш.
245. Я — няпрыкметны, шэры чалавек. З чарнавога аўтографу — п. IV, 10, 12 і 14. Аб часе напісаньня гл. ўвагу да папярэдняга вершу (№ 244).
246. Ёсьць гэткая японская забаўка. Тут пахаваны мае пачуваньні. Сьпеў залунаў.