Чарнавыя накіды з аўтографаў, зьмешчаных у п. VI, № 4, 4. Выстарчаючых даных для вызначэньня году напісаньня няма.
Адзін з мотываў першага адрыўку ўвайшоў у верш „Пану Антону Навіне на спамін ад аўтара“ (№ 57).
247. Ўсё ў жыцьці мне даўно ўжо абрыдла… З чарнавога накіду (п. IV, 2, 16). Напісаны на кавалку, адарваным ад аркушу лінаванай паперы, — як відаць, з сшытку (in 80). Зьверху стаіць „III“; гэта дазваляе думаць, што гэты накід ці адна з строф нейкага вершу ці невялічкая п‘еса з сэрыі вершаў на тую-ж тэму. Па пісьме дату напісаньня можна прыблізна азначыць гадамі „Вянка“ — 1909—1912.
248. Тая крыніца, што раньш к акіяну нясла свае хвалі… Друкуецца з аўтографу (VI, 10). Вершу напісаны чытэльна, але закончанага віду ня мае. Да вершу даданы пераклад некаторых беларускіх слоў на расійскую мову. Па пісьме адносіцца да раньніх гадоў (1909—1910).
Верш ясны сваёй мастацкай композыцыяй, але ня зусім ясны сваім пераносным значэньнем. З тае прычыны, што над ім надпісана: „Девиз, Белоруссия“, трэба думаць, што поэта меў на мэце ў гэтым вершы (а можа быць і ў цэлым радзе іх) разьвіць тэму аб беларускім адраджэньні, але тэма гэтая, як відаць, засталася няпоўнасьцю апрацаванай.
Чарнавы накід вершу захаваўся ў папцы IV, 13, 27.
249. Ты ня згасьнеш… Друкуецца з чарнавога аўтографу (XI, 5. 1). Аўтограф зьмешчаны ў абгарэлай папцы (№3 XI) разам з некаторымі вершамі 1915 г.; гэтым прыблізна вызначаецца час яго напісаньня. Абгарэлыя краі аўтографу расчытаны (у радкох 1, 3 і 4) па дагадцы; адноўленыя месцы тэксту пастаўлены ў простыя дужкі.
250. Беларусь, твой народ дачакаецца… 251. Доля мужыка.
252. Досі ўжо браты… Усе тры накіды захаваліся ў адзінаццатай папцы (№ 5, 2, 1 і № 1, 2). Прыблізна час іх напісаньня трэба аднесьці да 1915 году па тых-жа домыслах, як і чарнавога накіду № 249.
Верш „Доля мужыка“ (251) не характэрны для стылю і версыфікацыі М. Багдановіча; ён хутчэй напамінае і, мажліва, зьяўляецца насьледаваньнем каму-небудзь з пісьменьнікаў нашаніўскага часу.
253. Ой, грымі, грымі, труба, ўранку рана. Друкуецца з чарнавога накіду (IV. 8, 4). Чарнавік вельмі нячытэльны. Аб годзе напісаньня гл. ўвагу да наступнага вершу (№ 254).
254. Ой, скацілася, зорачка, скацілася… Друкуецца з чарнавога аўтографу (IV, № 1, 28). Шосты радок у аўтографе закасованы; ён пастаўлены ў простыя дужкі. Час напісаньня прыблізна вызначаецца — таксама, як і для папярэдняга вершу, — гадамі захапленьня поэты мастацкім фольклёрызмам, г. зн. 1914—15 г. г.
255. „Аня, Анечка“… Друкуецца з чарнавога аўтографу (IV, № 1, 29). Чарнавы накід напамінае сваім стылем адно месца вершу „Максім і Магдалена“ („Магда, Магдачка, мая зоранька ясная“)… Гэта падабенства дае падставу час напісаньня яго аднесьці, прыблізна, да 1915 году, калі ўхіл поэты ў галіне мастацкага фольклёрызму асабліва прыметны.
256. Ўстужку сінюю ўплятаю… Друкуецца з чарнавога аўтографу (IV, 4, 13). Шосты радок, відавочна, прадстаўляе варыянт да 7-га. Па аўтографічных даных (знаходзіліся ў папцы № XI, дзе шмат вершаў 1914-15 г. г.) накіды могуць быць датаваны таксама, як і папярэдні верш.