Гл. тэкст гэтага вершу на расійскай мове ў разьдзеле „Зеленя“ № 303 пад загалоўкам „Скерцо“.
53. На могілках. Верш друкуецца з „Нашае Нівы“ 1913 г. № 22. Захаваўся ў чарнавікох аўтограф яго (п. IV, № 13, ст. 38).
У 10-ым радку трэба заўважыць няўдалую граматычную форму: „палёгшы“.
54. У старым садзе. Верш друкуецца з чарнавога аўтографу (папка IV, № 4, 17).
Дата напісаньня — 1913 г. — устаноўлена паводле нататкі поэты ў сьпісе „Красавік“.
Чарнавыя варыянты (IV, № 4, 17):
6У руках-жа кніжка новая: гартаю
7У забыцьці яе — і закрываю,
7-мы радок гэтага вершу спачатку чытаўся так: „У забыцьці яе я разгарнуў… і закрываю“… Потым словы „у забыцьці“ закасованы аўтарам, але правільная пабудова вершу парушылася. Літаратурная Камісія для захаваньня разьмеру аднавіла закасованыя словы „ў забыцьці“ і апусьціла „яе“.
У 8-ым радку трэба зазначыць „у край“ (гл. ўвагу да в. № 50).
Гл. тэкст гэтага вершу на расійскай мове ў разьдзеле „Зеленя“ № 302.
55. Трыолет. „Мне доўгае расстаньне з Вамі“. Верш выдаецца з „Нашай Нівы“ 1913 г. № 22.
Гл. аўтарскі пераклад гэтага вершу на расійскую мову, „Зеленя“ № 301.
56. Успамін. Верш выдаецца з „Нашай Нівы“ 1913 г. № 22. Захаваўся яго чарнавы рукапіс пад загалоўкам „Згадка“ (папка IV, № 13, ст. 38).
Варыянт гэтага рукапісу: „мовіў бы Катул“… (1-шы радок).
57. Пану Антону Навіне. Выдаецца з тэксту, выдрукаванага ў зборніку „Заходняя Беларусь“, які вышаў у Вільні ў 1924 г. Напісаны быў, як паказана ў зборніку, у 1914 г. Перад вершам рэдакцыяй зборніку была надрукавана невялікая прадмова. Гісторыя пахаджэньня вершу, як гаворыцца ў гэтай прадмове, наступная: „У 1913 г. ў Вільні вышаў зборнік вершаў М. Багдановіча „Вянок“. Крытычны артыкул аб зборніку надрукаваў у „Н. Н.“ Ант. Навіна. Прачытаўшы яе, поэта прыслаў свайму крытыку экзэмпляр „Вянка“ з гэткімі надпісамі: „Дзень добры, Пане!“… і г. д.
2-4 радкі гэтага вершу паўтараюцца ў 1-3 радкох адрыўку, які выдрукаваны ў выданьні пад загалоўкам: „Ёсьць гэткая японская забаўка“… (Разьдзел IV, № 246).
58. Эміграцкая песьня. Выдаецца з „Нашай Нівы“ 1914 г. № 17. Дата напісаньня прастаўлена ў сьпісе вершаў „Красавік“ — 1914 г.
59. Мяжы. Выдаецца з „Наша Нівы“ 1915 г. № 28. Напісаны верш, як зазначана ў канцы тэксту ў „Н. Н.“, у 1914 годзе. У „Нашай Ніве“ загаловак стаіць „Межы“. Літ. Камісіяю прынята „Мяжы“ з мэтаю дапасаваньня з тэкстам, дзе ўсюды стаіць „мяжы“. Ёсьць даведкі, што ў гэтым вершы царскаю цэнзураю былі зроблены пропускі, а якія іменна, пакуль што ўстанавіць не ўдалося.
60. За газэтай. Перадрук з „Нашай Нівы“ 1914 г. № 21-22. Захаваўся аўтограф гэтага вершу ў чарнавых рукапісах поэты (п. IV, № 10, 10), адкуль Літаратурнай Камісіяю ўзяты загаловак „За газэтай“. У „Н. Н.“ верш выдрукаваны без загалоўку.
61. Сонэт. Верш друкуецца з „Нашай Нівы“ 1914 г № 4. У чарнавікох захавалася два аўтографы гэтага вершу.