Перайсці да зместу

Старонка:Творы М. Багдановіча (1927—1928). Том I.pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

31.

∗     ∗

Пэўна любіце вы, пане, між страніц старых, пажоўклых кнігі, ўжо даўно забытай, адшукаць сухі цьвяток. Пабляднелі яго хварбы, ледзь трымаюціца лісточікі… Але колькі ён прабудзіць ў сэрцы кволым пачуцьця! Чаму вы цьвяток хавалі, што жадалася, забылась, — ўсё ўсплыве ў душы і збудзіць мілых згадак доўгі рой. Ў думцы зноў вы пражывеце, беззваротныя часіны, і для вас каштоўным стане гэты высахшы цьвяток.

Вершы, вершы дарагія! Спарадзіў я вас, маленькіх, ў час, калі мне падымала грудзі хваля пачуцьця. І няхай яно з вас зьнікла, хай збляднелі вы, засохлі, ўсё-ж вы будзіце мне згадкі, і за гэта дзякуй вам. Не абміне і чытач вас. І ў яго калісь бывала мысьль супольная з маёю, тая-ж хваля пачуцьця. Ўсё калісь перажытое пакідала сьлед у сэрцы і ляжала нярухома цёмнай залежжу, пластом. Разварушце-ж, мае вершы, гэты пласт: хай згадка згадку кліча, цягне, хай чытач мой зноў былое пражыве!

1911.